Пра барабаншчыкаў па разнарадцы



Нялёгкая гэта справа быць барабаншчыкам. Не бубначом, калі ў рок-гурце якім граеш. А менавіта барабаншчыкам. Калі на розных ідэалагічных лінейках трэба граць. Усе адпачываюць, а табе трэба грукаць на інструменце, які на шыі вісіць. Трам-бара-бам, трам-бара-бам. І пасля гэтага з табой нават сэлфі ніхто не зробіць. Бо бубнач у рок-гурце – гэта адно. А барабаншчык на лінейках – гэта зусім іншае, што пахне нафталінам з тых далёкіх савецкіх часоў, калі дзяўчаты насілі аднолькавыя страшныя карычневыя сукенкі ў школу, а хлопцы такія ж страшныя аднолькавыя сінія гарнітуры. 

Нафталін, на жаль, нікуды не знік. Якія б аўто не набывалі цяперашнія функцыянеры, якія б супермармаркеты не з’яўляліся на вуліцах беларускіх гарадоў, а ў галовах чыноўнікаў дагэтуль пануе Савецкі Саюз. Напрыклад, першых сакратароў рэгіянальных камітэтаў БРСМ, які называе сябе спадкаемцам камсамолу, абавязалі накіраваць на хакейны матч Лігі чэмпіёнаў “Юнацтва” па 150 чалавек, уключна з адным барабаншчыкам. Акрамя таго, з сабой трэба мець па 7 сцягоў БРСМ і па 3 сцягі Беларусі. Матч, відаць, будзе такім цікавым, што без людзей рэгіянальных ячэек БРСМ ніяк не абысціся. А самае галоўнае, без барабаншчыка. Без яго хакейны матч Лігі чэмпіёнаў проста не адбудзецца. Так што, інструмент на шыю – і наперад з песнямі. Хаця б на ягоным месцы падумала б усё-такі перакваліфікавацца ў бубнача ў які гурт. Бо пах савецкага нафталіну цяпер не ў модзе. І зноў жа фанаты і фанаткі з’явяцца, з якімі можна сэлфі рабіць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ