У Бярозе затрыманы блогер Аляксандр Кабанаў
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, у 10.10 па тэлефоне Кабанаў перадаў, што да яго дамоў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, каб затрымаць.
Аляксандр Кабанаў
„Сёння ў Берасці прыблізна ў 9.05 у двары дома быў затрыманы блогер Сяргей Пятрухін. Абодвух забралі для адбыцця пяці сутак адміністрацыйнага арышту”, — сказаў праваабаронца. На яго думку, блогераў затрымалі сёння не выпадкова: 21 кастрычніка яны яшчэ будуць адбываць адміністрацыйны арышт і не змогуць прыйсці на плошчу Леніна ў Берасці, дзе па нядзелях збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.
15 і 16 кастрычніка раённы суд аштрафаваў васьмярых затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў абласным цэнтры. Па пяць сутак адміністрацыйнага арышту прызначаныя апазіцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу, блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву. Блогераў пасля суда не затрымалі.
14 кастрычніка на плошчы Леніна ў Берасці сабраліся прыблізна 120 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. У іх ліку быў Статкевіч. „Я прыехаў падтрымаць законныя патрабаванні людзей, таму што ўсю Беларусь спрабуюць ператварыць у атрутную звалку, — заявіў журналістам палітык. — Нават Кітай свае шкодныя адсталыя вытворчасці пераносіць у Беларусь. Я ўпэўнены, што гэта адбываецца за „адкаты”, і я ведаю, хто гэтыя „адкаты” атрымлівае”.
Пятрухін і Кабанаў разгарнулі транспарант „Не заводу АКБ”. Побач з гэтым транспарантам выступілі некалькі праціўнікаў будаўніцтва завода, а таксама Статкевіч. Блогераў і палітыка затрымала міліцыя.
Затым побач з плошчай і ля будынка Ленінскага РАУС былі затрыманыя яшчэ 12 актывістаў. У іх ліку трое падлеткаў, якіх адпусцілі з міліцыі пасля апытання. Пасля складання пратакола за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве таксама адпусцілі Людмілу Карчэўскую. Астатніх да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва. У прыватнасці яны падавалі заяўкі на правядзенне ў абласным цэнтры шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, але гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну — 29 красавіка. У той дзень на мітынг у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.
З 25 лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны. БелаПАН