Рэжысёр Панджавідзэ ўдзячны за падтрымку спектакля „Саламея”



Галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Міхаіл Панджавідзэ падзякаваў грамадскасці і царкве за падтрымку оперы „Саламея”, прэм’еру якой раней прыйшлося перанесці з-за крытыкі праваслаўных вернікаў.

На прэс-канферэнцыі 18 кастрычніка перад прэм’ерным паказам спектакля рэжысёр-пастаноўшчык „Саламеі” заявіў, што адчувае сябе „стомленым і спустошаным” пасля сітуацыі з пераносам оперы.

„Вядома, такія гісторыі дарма не праходзяць, — сказаў ён. — Я вельмі ўдзячны грамадскасці Мінска, творчай інтэлігенцыі, сродкам масавай інфармацыі. Я ўдзячны членам абедзвюх камісій, якія былі, прадстаўнікам Беларускай праваслаўнай царквы, якія мне адназначна далі зразумець, што ні супраць чаго яны не былі, ні пра што яны не прасілі. У немалой ступені гэта была правакацыя, накіраваная і супраць іх таксама, што вось яны, маўляў, не працуюць, ні за чым не сочаць”.

 

„Калі пройдзе стомленасць, можна нават будзе сказаць, што, маўляў, нават цікава было, інтрыга якая-ніякая. Калі паяхіднічаць, вядома, гэта і смешна, і пацешна, і выклікае пэўны адрэналін. Калі такое ў жыцці сустрэнеш, у каго так прэм’еру адмянялі? Я раней толькі ў кніжках пра такое чытаў, а тут мяне — [просяць] анафеме аддаць! Калі яшчэ такія прыгоды сустрэнеш? Увогуле, квэст быў цікавы, але, вядома, вымотвае вельмі моцна”.

Панджавідзэ паведаміў, што квіткі на спектакль раскупленыя да снежня ўключна.

Прэм’ера „Саламеі” павінна была адбыцца 9—10 верасня і стаць спектаклем, які адкрывае новы сезон у тэатры оперы і балета. Аднак яе вырашылі перанесці з-за адкрытага ліста групы праваслаўных грамадзян на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, генпракурора і членаў сінода Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.

У лісце вернікі назвалі спектакль „чарговым блюзнерствам пад эгідай Міністэрства культуры”. „Дэталёва вывучыўшы ў электронных энцыклапедыях і іншых крыніцах інфармацыі сутнасць скандалаў вакол оперы „Саламея” ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя”, аўтары ліста прыйшлі да высновы, што пастаноўка гэтай оперы з’яўляецца: „кашчунствам”; „блюзнерствам”; „здзекаваннем з памяці Хрысціцеля Іаана, дзёрзкім антыхрысціянскім, антыцаркоўным (антыклерыкальным) дзеяннем, якое парушае рашэнне многіх хрысціянскіх канфесій, што забараняе выводзіць на сцэну біблейскіх персанажаў”; „абразай рэлігійных пачуццяў вернікаў”.

Аўтары ліста заявілі, што прэм’ера і далейшы паказ оперы „павінны быць неадкладна забароненыя”, бо „Саламея” — гэта „дзёрзкі выклік хрысціянам Беларусі і пагроза духоўнай бяспецы дзяржавы”. У лісце апрача іншага змяшчаецца просьба да генпракурора распачаць у дачыненні да Міхаіла Панджавідзэ крымінальную справу па арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці)”.

Варта адзначыць, што пастаноўка „Саламеі” была ўхвалена Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, а таксама мастацкім саветам Міністэрства культуры па музычным мастацтве. Аб прэм’еры оперы быў праінфармаваны кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел.

belapan.by