Лукашэнка з візітам на Гарадзеншчыне (абноўлена)
Паводле інфармацыі БелТА, Аляксандр Лукашэнка пачаў візіт з наведвання агратурыстычнага комплексу “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”.
Кіраўнік Беларусі абмеркаваў з мясцовымі чыноўнікамі сітуацыю ў сельскай гаспадарцы.
Агратурыстычны комплекс Гарадзенскага мясакамбіната „Гарадзенскi маёнтак” Каробчыцы „, стылізаваны пад сядзібу XIX стагоддзя, пачалі будаваць у 2001 годзе ў 5 км ад абласнога цэнтра.
На яго тэрыторыі размешчаны кузня, стайня, невялікі заапарк, дзіцячыя пляцоўкі, кафэ, а таксама рэстаран „Замак Зеваны”.
* * *
Пасля адбылася сустрэча Лукашэнкі са студэнтамі гарадзенскіх вузаў.
„Ёсць яшчэ тэма, якая патрабуе ўвагі дзяржавы, і яна непакоіць – гэта імкненне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой”, – адзначыў Лукашэнка. Таксама ён падкрэсліў, што катэгарычна супраць таго, каб слепа капіяваць чужыя сістэмы адукацыі: „У нас свая нядрэнная. Гэтую сістэму ламаць не трэба, яе трэба ўдасканальваць, прыстасоўваючы да сучасных умоў”.
* * *
19 кастрычніка плануецца прыезд кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Гародню.
Фота kp.by
Горад рыхтаваўся да прыезду кіраўніка краіны цягам тыдня, вуліцы горада чысцілі, малявалі бардзюры, умацоўвалі дамы, якія знаходзіліся ў аварыйным стане ці былі пад знос. Пра тое, што зараз адбываецца на цэнтральных вуліцах горада, распавядае наш карэспандэнт:
– Гародня рыхтуецца да прыезду Лукашэнкі падвышанымі мерамі бяспекі. У горадзе назіраецца вялікая колькасць міліцыянтаў, якіх, верагодна, прывезлі з розных рэгіёнаў Беларусі. На кожным куту дзяжураць людзі ў цывільным і ў форме супрацоўнікаў ДПС. У медычных установах, якія знаходзяцца паблізу парку “Пышкі”, дзяжураць міліцыянты, а таксама ўсім супрацоўнікам медычных службаў забаранілі адчыняць вокны цягам дня, таму што верагодна каля іх будынка будзе праязджаць Лукашэнка.
Падчас візіту чакаецца, што Лукашэнка прыляціць ў Гародню на верталёце.
© SPUTNIK / Іна Грышук
Сутракацца з кіраўніцтвам горада ён будзе не ў цэнтры Гародні, а ў лесапарку „Пышкі”, дзе зрабілі адмысловы макет, які імітуе Савецкую плошчу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота БелТА, відэа АНТ