Беларусь у 2019 годзе можа скараціць экспарт нафтапрадуктаў



У наступным годзе Беларусь можа быць вымушаная скараціць экспарт нафтапрадуктаў. Паводле інфармацыі БелаПАН, такі сцэнарый развіцця падзей прадугледжвае праект афіцыйнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год.

Паводле ацэнак аўтараў прагнозу, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў можа скараціцца з чаканых 12 млн тон сёлета да 11,1 млн у 2019 годзе.

Зніжэнне экспарту чакаецца ў сувязі з тым, што на ўнутраным рынку давядзецца замяшчаць аб’ёмы нафтапрадуктаў, якія раней імпартаваліся.

Нафтапрадукты з’яўляюцца адной з ключавых пазіцый беларускага экспарту. У 2017 годзе Беларусь экспартавала 12,3 млн тон нафтапрадуктаў на 5,34 млрд долараў. Нафтапрадукты ўваходзяць ва ўрадавы пералік стратэгічных тавараў, летась яны забяспечылі больш за 18% таварнага экспарту краіны.

У студзені—жніўні гэтага года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаў 8,4 млн тонаў на 4,45 млрд долараў. У фізічным выражэнні экспарт павялічыўся на 2,3%, у вартасным — на 27%.

Варта адзначыць, што адначасова з экспартам Беларусь сёлета істотна павялічыла і імпарт нафтапрадуктаў. За студзень—жнівень Беларусь імпартавала з Расеі 2,49 млн тон нафтапрадуктаў, што на чвэрць больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Разам з тым з другога паўгоддзя аб’ёмы імпарту Беларуссю нафтапрадуктаў з Расеі сталі хутка скарачацца, а з лістапада Расея цалкам спыняе пастаўкі ў Беларусь дызельнага паліва, бензіну і шэрагу іншых нафтапрадуктаў. Абмежаванне паставак прадугледжвае пратакол, які 10 кастрычніка падпісалі віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі Ігар Ляшэнка і Дзмітрый Казак. У дакуменце ўзгодненыя індыкатыўныя балансы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад—снежань 2018 года і ўвесь 2019 год.

З лістапада гэтага года і ў наступным годзе Расея мае намер пастаўляць у Беларусь толькі тыя нафтапрадукты, якія не выпускаюцца ў рэспубліцы. Як паведаміла раней агенцтва Reuters са спасылкай на дакументальныя крыніцы, Расея вырашыла абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь, таму што стала падазраваць рэспубліку ў іх рээкспарце.

Паводле інфармацыі БелаПАН, ужо ў жніўні з ініцыятывы расейскага боку было падрыхтаванае рашэнне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь.