У Берасці затрымалі яшчэ аднаго праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода
У Берасці затрымалі праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Дзям’яна Лепясевіча, паведаміла БелаПАН удзельніца грамадскай кампаніі супраць будоўлі Юлія Зубік.
„Лепясевіча затрымалі 19 кастрычніка прыблізна ў 22.00 у двары дома, дзе ён жыве. Спачатку даставілі ў Ленінскі РАУС. Потым да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, — сказала актывістка. — За што будуць судзіць Лепясевіча, інфармацыі ў нас на гэты час няма. Хутчэй за ўсё, за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла ў Берасці 14 кастрычніка”.
Зубік дапоўніла, што ўвечары 19 кастрычніка дамоў прынеслі позву праціўніку будоўлі Алесю Абляку. Яго выклікаюць у Ленінскі РАУС 21 кастрычніка ў 12.00 у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.
Днём 19 кастрычніка ў Берасці ля пад’езда ўласнага дома быў затрыманы праціўнік будаўніцтва акумулятарнага завода актывіст грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэй Шарэнда, калі ён вяртаўся дадому. Шарэнда хадзіў сустракаць Мікалая Статкевіча, які ў гэты дзень выйшаў на волю пасля пяці сутак адміністрацыйнага арышту.
Шарэнда таксама даставілі ў Ленінскі РАУС і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
У ІЧУ жонцы актывіста Паліне Шарэндзе-Панасюк паведамілі, што яе муж затрыманы на падставе арт. 23.34 КоАП. Жанчына не выключае, што мужа будуць судзіць за тое, што ён быў 14 кастрычніка на плошчы Леніна ў Берасці.
Як паведамлялася, 14 кастрычніка на плошчы Леніна абласнога цэнтра сабраліся прыблізна 120 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Паўтара дзясятка чалавек былі затрыманыя.
15 і 16 кастрычніка суд Ленінскага раёна Берасця аштрафаваў васьмярых затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Па пяць сутак адміністрацыйнага арышту гэтым жа судом было прызначанае апазіцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу і мясцовым блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву. Блогеры пасля суда засталіся на волі. Аднак іх затрымалі раніцай 18 кастрычніка і змясцілі ў ІЧУ адбываць арышт.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва. У прыватнасці яны падавалі заяўкі на правядзенне ў абласным цэнтры шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, але гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну — 29 красавіка. У той дзень на мітынг у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў сабраліся прыкладна дзве тысячы чалавек.
З лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны. БелаПАН