Федэрацыя хакея і менскае „Дынама” будуць мець адзіную сістэму кіравання
Федэрацыя хакея і менскае „Дынама” распрацоўваюць план зліцця, паведаміў старшыня ФХБ Генадзь Савілаў на прэс-канферэнцыі 22 кастрычніка ў сталіцы.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра адзінства кіравання, каб можна было разумець, з каго спагнаць за тыя ці іншыя праблемы. Канчатковае зліццё адбудзецца да канца лютага 2019 года. Адным з крокаў у гэтым кірунку Савілаў назваў абвешчаны 22 кастрычніка сыход з „Дынама” генеральнага дырэктара былога намесніка міністра ўнутраных спраў Анатоля Курыльца. У хуткім часе яго пераемніка назаве старшыня назіральнага савета клуба, кіраўнік папячыцельскага савета ФХРБ міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Федэрацыя мае намер да мінімуму звесці ўплыў неспецыялістаў на сам хакей, але да максімуму павялічыць кантроль за выкарыстаннем сродкаў, што выдзяляюцца на гэты від спорту, адзначыў Савілаў.
Паводле яго слоў, кіраваць хакеем неспецыялісты не хочуць, а кантраляваць каляхакейную сітуацыю, каб дзяржсродкі, якія выдзяляюцца на від спорту, працавалі з найбольшым ККД, — тэма асобнай гутаркі.
belapan.by