Пра беларускага дона Карлеонэ



Беларуская дзяржава – яшчэ той мафіёзнік. Як той казаў, засунеш палец у рот – па локаць адкусіць. Прычым нават не падавіцца.

У Беларусі аплата за інтэрнаты вырасла ў разы. Паводле некаторых ацэнак, цэны павысіліся на 80%. Калі летась людзі плацілі 50 рублёў, то цяпер цана за карыстанне памяшканнем з агульным душам і кухняй можа сягаць і 230-і. Не лепшая сітуацыя і ў тых, хто думаў, што ўсё жыццё жыве ў кватэры, а напрыканцы раптам даведаўся, што жыве не ў кватэры, а ў інтэрнаце. Вось так жылі сабе людзі, працавалі, марылі пра светлую будучыню, атрымалі кватэры, пражылі там усё жыццё. А тут раптам прадпрыемства, на балансе якога знаходзіўся дом, вырашыла, што гэта болей не дом, а інтэрнат. А таму людзі прыватызаваць свае кватэры не змогуць. І больш за тое, давядзецца жыхарам цяпер плаціць удвая, а тое і ўтрая болей. Бо ў кошт камунальных паслуг цяпер уваходзіць і карыстанне памяшканнем. А аплата за электрычнасць увогуле складае 90 рублёў у месяц. За такія грошы можна дзіця ў школу сабраць напярэдадні 1 верасня. На ўсе прэтэнзіі і скаргі жыхароў адказваюць аднолькава: не падабаецца – з’язджайце.

І калі вы думаеце, што такія меры ўвёў нейкі капіталіст, вы памыляецеся. Ініцыятыва падвышэння цэнаў за арэнду і камунальныя ў інтэрнатах належыць дзяржаўнаму прадпрыемству “Менсктранс”, якое стваралася па загадзе Менгарвыканкама. Карацей, яшчэ з адной катэгорыі людзей, наш дон Карлеонэ можа выцягваць грошы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ