У Беларусі будзе запушчана сістэма імгненных плацяжоў
Укараненне ў Беларусі сістэмы імгненных плацяжоў у прамысловую эксплуатацыю плануецца 1 ліпеня 2019 года. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц 23 кастрычніка ў Менску на Міжнародным форуме па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях „БанкІТ’2018”.
Паводле яго слоў, Нацбанк ставіць мэтай стварэнне і прапанову патэнцыйным карыстальнікам інавацыйнага плацежнага сэрвісу, які дазваляе ажыццявіць перавод грашовых сродкаў ад плацельшчыка атрымальніку ў рэжыме часу, набліжаным да рэальнага, так званых імгненных плацяжоў. Гэта значыць плацяжы будуць ажыццяўляцца ў лічаныя хвіліны.
„Гэта базавы праект для многіх краін, юрысдыкцый і фінансавых рынкаў. Мы лічым, што яго рэалізацыя ў значнай ступені дазволіць палепшыць плацежныя сэрвісы для прадпрыемстваў і насельніцтва, каб плацяжы былі ў рэжыме рэальнага часу”, — сказаў намеснік кіраўніка Нацбанка.
Паводле яго слоў, ужо вызначаны аператар такой сістэмы, падрыхтавана канцэпцыя імгненных плацяжоў і праект нарматыўнага прававога акта, прапрацоўваюцца тэхнічныя аспекты ўкаранення сэрвісу, ідзе актыўнае ўзаемадзеянне з банкам і ІТ-супольнасцю. Пры гэтым удзел для банкаў у сістэме імгненных плацяжоў будзе добраахвотным.
Як адзначаюць у Нацбанку, сэрвіс будзе даступны ў рэжыме 24/7/365. Гаворка ідзе аб кругласутачным доступе з разнастайных электронных прылад да ажыццяўлення грашовай транзакцыі. Асноўнымі перавагамі сістэмы імгненных плацяжоў будуць яе даступнасць з пункту гледжання рэжыму працы і тарыфаў, імгненнае залічэнне грошай атрымальніку, безадзыўнага плацяжу і канчатковасць разліку. Усё гэта дазволіць банкам прапанаваць якасна новы плацежны сэрвіс кліентам.