Новы віток барацьбы з сацыяльным утрыманствам



Гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку падчас “гарачай вясны” 2017 года пачалі называць “адвакатам дармаедаў”. Гэтым пачэсным званнем яго ўзнагародзілі дзясяткі наведнікаў офіса на Палескай, 52. У перыяд найбольш вострага супрацьстаяння грамадства з ініцыятарамі Дэкрэта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” дзверы апазіцыйнага цэнтра не зачыняліся. Тады, дзякуючы бяздумнаму дэкрэту, здавалася, што ўлада сама падштурхоўвала грамадзян да аб’яднання на грунце змагання за свае канстытуцыйныя правы. Атмасфера страху, якая дзесяцігоддзямі стрымлівала гомельцаў ад наведвання апазіцыйнага цэнтра, раптам знікла. На абмеркаванне фарматаў пратэстных акцый прыходзілі дзясяткі людзей. Такога ўздыму сацыяльнай актыўнасці дэмакратычныя лідары не памяталі з пачатку 1990-х гадоў… Потым былі пратэсты па ўсёй Беларусі. У адрозненне ад ранейшых мітынгаў, у якіх у асноўным удзельнічалі ідэйныя апаненты ўлады, на вуліцы гарадоў выйшлі колішнія прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Расчараваныя беларусы выказваліся так востра, што на іх фоне блякла выглядалі нават апазіцыянеры. У выніку ўлада згарнула дэкрэт, а ў дачыненні да найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў былі выкарыстаныя кропкавыя рэпрэсіі. Хваля змагання суцішылася, але рэйтынг улады ад таго часу так і не ўзняўся да ранейшага ўзроўню.

Калі б распрацоўшчыкі знакамітага на ўвесь свет “дармаедскага дэкрэту” добра вучыліся ва ўніверсітэтах, то яны б ведалі, што ў гісторыі чалавецтва ўжо былі ўнікумы, якія хацелі выціснуць са сваіх падданых апошнія капейкі. Сканчваліся такія спробы аднолькава: народнымі бунтамі. Наіўна было чакаць, што беларусы ў гэтым сэнсе іншыя. Ад рэвалюцыі ў 2017 годзе ўлады змаглі сябе выратаваць менавіта тым, што своечасова адчулі небяспеку і адтэрмінавалі дэкрэт. Для уладаў Беларусі такая рэакцыя народа, відаць, была вялікім адкрыццём. Аднак яны так да канца і не зразумелі, што, аказваецца, іх становішча залежыць не ад арміі сілавікоў і бюракратычнага апарату, а ад мінімальнай лаяльнасці грамадзян. Падзенне дзяржавы пачынаецца не з эканамічных крызісаў і знешняга ўварвання, а тады, калі грамадзянін на вуліцы перастае бачыць праваахоўніка у чалавеку ў міліцэйскай форме, а ў падатковым інспектары – упаўнаважанага спецыяліста. Калі гэты працэс не спыніць, то механізм распаду дзяржавы становіцца незваротным.

І вось не прайшло і два гады з моманту “антыдармаедскіх акцый”, як кіраўніцтва краіны ачомалася ад стрэсу. “Здаецца, абноўленая версія старога-новага дармаедскага дэкрэту пачынае рабіць першыя крокі. У мяне на прыёме “нідзе не працуючы” праграміст, якога запрасілі на пасяджэнне так званай дармаедскай камісіі… Вырашылі не хадзіць, а ўжо ў лютым нарэшце дазнацца, што ж гэта такое, чым нас, беларусаў, палохаюць, ЖКГ за 100%”, — піша праваабаронца Леанід Судаленка. Гаворка ідзе пра ўсё той жа дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве, які насамрэч ніхто не скасоўваў да канца. Нарматыўны акт проста перапрацавалі такім чынам, каб адабраць у беларусаў грошы іншым, менш канфліктным спосабам. Не працуеш афіцыйна – плаці 100% ад поўнага кошту на камунальныя паслугі. Што праўда, у Беларусі за чвэрць стагоддзя так і не даўмеліся распрацаваць вартую даверу формулу налічэння камунальных плацяжоў. Сумы ў жыроўках пішуцца “ад балды”. У гэтым сэнсе ўсе спробы прысароміць беларусаў тым, што дзяржава за іх нешта там кампенсуе – казачка для наіўных. І выглядае на тое, што для грамадства ўрок 2017 года дарма не прайшоў. Але народ да апошняга спадзяецца, што да рэалізацыі абсурднага дэкрэту справа ўсё-такі не дойдзе. А як дойдзе, то да катэгорыі асобаў у “цяжкім жыццёвым становішчы” можна будзе аднесці саміх распрацоўшчыкаў абноўленай версіі дэкрэту.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ