Беларуская бяспека
Міністр абароны Расейскай Федэрацыі Сяргей Шайгу, які быў адным з кіраўніком аперацыі па анексіі ўкраінскай паўвыспы Крым, наведвае з візітам Менск. На супольным пасяджэнні калегіі Міністэрстваў абароны РФ і РБ ім былі агучаныя дзяжурныя фразы пра мерапрыемствы па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. На жаль, прэс-служба беларускага вайсковага ведамства не раскрывае дэталі сустрэчы, але сякія-такія выказванні ў СМІ ўсё-такі патрапілі. Для беларусаў асаблівую цікавасць уяўляюць ягоныя пагрозы на адрас Польшчы і ЗША. Сяргей Шайгу паабяцаў адэкватны адказ на дзеянні польскага ўраду, які гатовы размясціць на сваёй тэрыторыі дывізію ўзброеных сіл ЗША. За апошні тыдзень гэта другая пагроза з вуснаў высокапастаўленых расейскіх функцыянераў, у якіх фігуруе Беларусь. Да гэтага ў падобным рэчышчы выказаўся новы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч. З ягонага паведамлення вынікае, што Масква “будзе разглядаць любы ваенны напад на Беларусь як напад на Расею”. І дадаў, што “Менск можа быць спакойным”.
Нягледзячы на інтэнсіфікацыю выказванняў расейскіх топ-чыноўнікаў пра беларускую бяспеку, нічога істотна новага ў іх рыторыцы няма. Яны, пры маўклівай згодзе тутэйшых уладаў, проста надалей працягваюць граць ролю старэйшага брата, які ў цяжкі час заўжды працягне нам руку дапамогі. Нават калі ў гэтай дапамозе патрэбы няма. З пункту гледжання крамлёўскіх стратэгаў армія незалежнай Беларусі – гэта не самастойная адзінка, а ўсё тая ж Беларуская вайсковая акруга СССР. То бок, частка расейскай ваеннай махіны.
Самы просты шлях – гэта вінаваціць расейскае вайсковае камандаванне ў рэваншызме і каланіяльных падыходах што да беларускіх калег. Але праблема куды больш глыбокая. Сама беларуская армія, на жаль, і праз чвэрць стагоддзя існавання суверэннай дзяржавы адрынае ўсё нацыянальнае, застаецца адным з найбольш кансерватыўных інстытутаў грамадства, які захоўвае савецкія ідэалагічныя ўстаноўкі і цэлы букет негатыўных праяваў кшталту дзедаўшчыны і карупцыі. Успрыманне беларускага войска грамадствам мала змянілася з часоў позняга СССР, калі маладыя людзі прызыўнога ўзроста з жахам пачынаюць шукаць у сябе хранічныя хваробы, каб атрымаць на рукі вайсковы білет з пазначэннем адтэрміноўкі ад службы.
У беларускім грамадстве раз-пораз уздымаюцца дыскусіі адносна неабходнасці рэфармавання войска. У асноўным увага акцэнтуецца на адмове ад агульнага прызыву. Прыхільнікі кантрактнай арміі лічаць сваю канцэпцыю панацэяй ад усіх хвароб. Насамрэч бясконцыя абмеркаванні пераваг кантрактнай службы над агульным прызывам нагадваюць свіфтаўскую барацьбу тупаканечнікаў з востраканечнікамі. Праблема нават не ў тым, што беларусы разглядаюць войска не як аўтарытэтную інстытуцыю, служба ў якой дапамагае развіваць асабістыя і прафесійныя якасці, а як лайт-версію турмы, ад якой трэба “адкасіць любымі сродкамі”. Самі вайскоўцы прызнаюць, што іх ведамства сутыкнулася з выклікам, на які ў іх няма адказу. Гаворка ідзе пра тое, што сярод прызыўнікоў з кожным годам усё менш асобаў з вышэйшай адукацыяй і добрым здароўем. Для ўкамплектавання вайсковых частак даводзіцца браць нават тых, хто былі на ўліку ў міліцыі, мелі судзімасць за хуліганства альбо ўвогуле ўжывалі наркатычныя сродкі. У выніку негатыўнай селекцыі кадраў і здараюцца трагедыі накшталт выпадку з радавым Коржычам.
“Дзедаўшчына” альбо пазастатутныя адносіны – гэта перанос крымінальных мадэляў паводзінаў у армію. Змаганне з дзедаўшчынай немагчыма, пакуль у войска не будуць ісці служыць матываваныя і адукаваныя людзі. Як немагчыма ўявіць “дзедаўшчыну” ў ваюючай арміі (за пазастатутныя адносіны можна атрымаць кулю ад саслужыўцаў), так і няма падобных праяваў у арміях, дзе грамадзяне ідуць на службу з гонарам за сваю краіну.
Беларускім вайскоўцам пара пачынаць мысліць пра сябе як армію незалежнай краіны, а не пра фарпост фантомнай “Саюзнай дзяржавы”, якая гатовая ваяваць з цывілізаваным светам за чужыя нам інтарэсы. З вяртаннем у беларускае войска памяці пра перамогі продкаў, з пашырэннем выкарыстання беларускай мовы і сімвалаў перафарматаванне адносін паміж вайскоўцамі адбудзецца аўтаматычна. Глядзіш, тады і вырашыцца праблема “дзедаўшчыны”. А некаторыя вайсковыя функцыянеры суседняй дзяржавы стануць, нарэшце, лічыцца з фактам наяўнасці беларускага войска.