Руды: У Цяньцзіньскім універсітэце ёсць спецыяльнасць „беларуская мова”
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды ў інтэрв’ю ТАСС расказаў, як на сёння развіваюцца культурныя і гуманітарныя сувязі паміж Беларуссю і Кітаем.
„Гэты год мы абвясцілі годам турызму Беларусі ў Кітаі. Пад гэта была ажыццёўлена адмена віз, і, безумоўна, гэта дало пэўны штуршок у колькасці турыстаў. Мы рэгулярна праводзім форумы”, – адзначыў пасол. Паводле яго слоў, наступны год плануецца аб’явіць годам адукацыі, „таму што тыя людзі, якія непасрэдна „працуюць рукамі”, прасоўваюць двухбаковае супрацоўніцтва на працоўным узроўні – гэта, як правіла, былыя выпускнікі, хто калісьці вучыўся альбо ў Беларусі, альбо ў Кітаі. Гэта падмурак, і чым больш у нас будзе такіх людзей, тым больш будзе выбар для шматбаковага супрацоўніцтва”.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі таксама распавёў, што КНР адкрывае ў свеце і ў Беларусі інстытуты Канфуцыя і класы Канфуцыя і назваў іх „адным з элементаў распаўсюджвання кітайскай культуры і мовы”. „Для нас гэта магчымасць вучыць сапраўдную кітайскую мову. З іншага боку, мы тут, у Кітаі, ствараем цэнтры вывучэння Беларусі, калі ў рамках ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях” кітайскія студэнты, выкладчыкі для больш глыбокага пазнання рэгіёну прысвячаюць сябе вывучэнню беларускай мовы”. Кірыл Руды падкрэсліў, што ў некаторых кітайскіх універсітэтах ёсць спецыяльнасць „беларуская мова”, напрыклад, у Цяньцзіньскім інстытуце замежных моў. „18 верасня мы адкрылі ў Цяньцзіні, у гэтым універсітэце, першы помнік беларусу ў Кітаі – беларускаму паэту Якубу Коласу”, – дадаў пасол.