Сусветны банк: Без рэформаў рост ВУП Беларусі будзе зніжацца



Галоўная задача Беларусі — знайсці спосабы пераходу ад цыклічнага ўздыму да ўстойлівага структурнага аднаўлення эканомікі. Пры адсутнасці структурных рэформаў рост эканомікі ў найбліжэйшыя гады знізіцца да 2—2,5%, прагназуюць аналітыкі Сусветнага банка (СБ).

У кастрычніцкім аглядзе дзейнасці СБ у Беларусі адзначаецца: „Рост унутранага попыту і павелічэнне аб’ёмаў экспарту спрыялі паскарэнню тэмпаў росту рэальнага ВУП да 4,5% на працягу двух апошніх кварталаў. Прагназуецца, што ў 2018 годзе ВУП Беларусі ў рэальным выражэнні можа вырасці на 3,8%”.

У 2019—2022 гадах, паводле ацэнак аналітыкаў СБ, тэмпы росту ВУП Беларусі знізяцца да 2—2,5%, „паколькі бягучае аднаўленне эканомікі носіць цыклічны характар”. „Зніжэнне ролі эфекту нізкай базы і аслабленне дынамікі ў сектары нетаргаваных тавараў абумовяць тэндэнцыю да запаволення эканамічнага росту”, — прагназуюць аўтары агляду.

На іх думку, правядзенне ўзважанай фіскальнай і манетарнай палітыкі будзе спрыяць захаванню тэмпаў інфляцыі, якая выражаецца адназначным лікам, а таксама стабільнасці курсу беларускага рубля.

У той жа час эканамісты чакаюць, што „падатковы манеўр” у нафтавай галіне Расіі негатыўна паўплывае на дзяржаўныя фінансы Беларусі (за кошт паэтапнай ліквідацыі нафтавых пошлін, якія атрымліваюцца).

„Калі не будуць прапанаваныя кампенсацыйныя меры, то страты бюджэту могуць скласці да 3,8% ВУП у год, што, разам з цяжарам выплат па дзяржаўным доўгу, можа запатрабаваць скарачэння дзяржаўных выдаткаў”, — адзначаюць эксперты Сусветнага банка.

Як лічаць аналітыкі СБ, галоўная задача Беларусі — знайсці спосабы пераходу ад цыклічнага ўздыму да ўстойлівага структурнага аднаўлення эканомікі. „Без структурных зменаў рост у сярэднетэрміновай перспектыве прагназуецца на ўзроўні 2—2,5% у год”, — падкрэсліваюць эксперты Сусветнага банка.

Паскарэнне эканамічнага росту ў Беларусі, адзначаецца ў аглядзе, „патрабуе павышэння эфектыўнасці ў размеркаванні рэсурсаў, далейшага спрашчэння ўмоў вядзення бізнесу, стымулявання інвестыцый і ўмацавання даверу да дзяржаўных інстытутаў”.

„Для ўстойлівага павышэння ўзроўню жыцця неабходны эканамічныя, сацыяльныя і інстытуцыйныя пераўтварэнні, заснаваныя на ўзмацненні ролі прыватнага сектара, павышэнні эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і ўмацаванні сістэм сацыяльнай абароны”, — падкрэсліваюць эксперты Сусветнага банка.

belapan.by