Суботнік для Льва Сапегі
На Слонімшчыне ў суботу, 27 кастрычніка, адбудзецца раённы суботнік. Усе сродкі ад суботніка пойдуць на помнік Льву Сапегу – канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, былому слонімскаму старосту. Помнік плануюць урачыста адкрыць у 2019 годзе падчас рэспубліканскага свята Дня беларускага пісьменства і друку, якое адбудзецца ў Слоніме ў першы дзень верасня.
Помнік Льву Сапегу ў Слоніме мяркуюць паставіць ужо больш 20 гадоў. Пра яго ўжо шмат гутарылі, пісалі, спрачаліся, але да сённяшніх дзён ён так і не з’явіўся. Спачатку яго планавалі ўстанавіць у скверы на Першамайскай вуліцы паміж помнікамі Леніну і танку Т-34. Потым вялася гутарку, што помнік Льву Сапегу з’явіцца на набярэжнай канала Агінскага. Але хутчэй за ўсё Леў Сапега будзе ўстаноўлены ў скверыку на плошчы Леніна насупраць драмтэатра. І гэта, як мяркуюць многія слонімцы, найлепшае месца для былога слонімскга старосты. Вось добра было б яшчэ і плошчу Леніна перайменаваць у Тэатральную плошчу.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім