На Берасцейшчыне працягваецца пераслед журналістаў
На Берасцейшчыне працягваецца пераслед журналістаў. Па некалькі позваў у міліцыю і ў суд выдана прынамсі пяці журналістам-фрылансерам, якіх вінавацяць у супрацоўніцтве з Беларускім Радыё Рацыя і тэлеканалам „Белсат”.
Пасля чарговага візіту ў пастарунак, незалежны журналіст Алесь Ляўчук так пракаментаваў сітуацыю якая склалася:
– Я супрацоўнічаю з “Белсатам” ужо 10 гадоў, і за гэты час гэта самыя вялікія рэпрэсіі. Ніколі не было такога ціску. Мы ўжо два месяцы жывем пад гэтым ціскам. Мы не можам нармальна схадзіць у краму, пасля таго, як мы выходзім са школы, дзе вучыцца наша дзіця, туды прыходзяць супрацоўнікі міліцыі і ладзяць нейкую аблаву. Я думаю, ёсць два варыянты. Або ў краіне рыхтуецца нешта даволі сур’ёзнае, невядома што пакуль, і таму важна заткнуць рот усім незалежным журналістам, каб яны былі пад поўным кантролем. Або КДБ, міліцыя, улада адпрацоўваюць новы закон аб СМІ, які хутка набудзе моц. Я думаю, паколькі Берасце – гэта першы рэгіён, яны пачалі з нас, то ў хуткім часе справа пяройдзе ў рэгіён №2.
Імёны берасцейскіх журналістаў, у адносінах да якіх вядуцца адміністрацыйныя працэсы, альбо ужо прайшлі суды за так званую „працу без акрэдытацыі”: Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава, Тамара Шчапёткіна, Яўген Скрабец і Аліна Літвінчук.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце