Ці з прэзентацыяй кліпа стартавала прэзідэнцкая кампанія?



У сярэдзіне кастрычніка ў Беларусі прайшла прэм’ера кліпа поп-спявачкі Алены Ланской “Куточак Беларусі”. На гэты ўзор аграгламурнай творчасці можна было б зусім не звяртаць увагі, каб не адна акалічнасць: здымкі праводзіліся ў вёсцы Александрыя – той самай, дзе нарадзіўся нязменны кіраўнік Беларусі. У відэа апавядаецца пра шчаслівае дзяцінства хлопчыка ў беларускай вёсцы, які з маленства ведае, што такое цяжкая праца на полі, касавіца, дранікі з печкі і збор ураджаю. Ідылічныя пейзажы беларускай прыроды разбаўленыя сцэнкамі з забаўкамі дзяцей. У некаторых кадрах будучы нацыянальны лідар ганяе мяч, гушкаецца на арэлях. Найбольш кранальны эпізод — маці, якая пяшчотна абдымае свайго сына-гарэзу. Па стылістыцы кліп нагадвае нешта сярэдняе паміж фільмам “Белыя Росы” і галівудскім блокбастарам “Аватар”, дзе настальгічныя згадкі пра савецкае дзяцінства перамяшаныя кадрамі з энергічнымі карагодамі аўтахтонаў.

І лакацыя кліпа (родавае гняздо Аляксандра Лукашэнкі), і абставіны прэзентацыі відэа, які быў ўпершыню паказаны на фестывалі ў Александрыі і ў праграме “Добрай раніцы, Беларусь” на тэлеканале “Беларусь 2”, самі за сябе гавораць, што здымкі роліка былі не выпадковасцю. Увогуле, калі абстрагавацца ад біяграфіі прататыпа героя кліпа, даволі якасны відэашэраг павінен выклікаць замілаванне і пачуццё настальгіі ў беларусаў ва ўзросце 55+, чыё дзяцінства прайшло ў вёсках альбо ў прыватных сектарах гарадоў.

Асобная тэма – выкарыстанне ў кліпе беларускай мовы. Тэкст лёгкі, ненавязлівы пра “палі, лясы і краявіды” маленькай радзімы. У савецкія часы і ў 1990-я гады падобныя песні пра настальгію наваспечаных гараджанаў па вёсцы выконваліся часцяком па-руску. І гэта ў траўмаваным каланіяльным грамадстве было нормай. Згадайма шматлікія шлягеры “Песняроў” альбо песні Анатоля Ярмоленкі – раней спявалі пра страчаны вясковы рай у асноўным па-руску. Але ў рэаліях 2018 года, калі на акцыю Дзень Волі выходзяць дзясяткі тысяч маладзёнаў у сталіцы, калі перад прыездам першай асобы дзяржавы ў абласны горад выкладаюць плітку з арнаментам, руская мова – гэта сучасны адпаведнік латыні, які выкарыстоўваецца для афіцыйных паведамленняў альбо міждзяржаўных адносін. Беларуская мова – прыкмета ўтульнасці, камернасці, звароту да сваіх. У гэтым звязку жывое выкананне песні “Куточак Беларусі” на канцэрце з нагоды форума рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які праходзіў нядаўна ў Магілёве, выглядае ці не тролінгам дарагіх гасцей з усходу. Маўляў, “адчувайце сябе як дома, але не забывайце, што вы ў гасцях”.

Аўтараў відэа можна збольшага павіншаваць: на сёння яны маюць амаль 129 тысяч праглядаў на ютуб. Не Сяргей Міхалок з хітом на вершы Янкі Купалы “Не быць скотам”, вядома, але таксама неблагі варыянт як для казённага вырабу на замову.

Увогуле па праглядзе відэакліпа ўзнікае ўстойлівае падазрэнне, што прэзідэнцкая кампанія Аляксандра Лукашэнкі стартавала. І гэты кліп “Куточак Беларусі” – своеасаблівы відэаманіфест. З гэтага праграмнага відэа вынікае, што праца прэзідэнцкіх піаршчыкаў будзе засяроджаная на данясенні наступных месэджаў: 1. Лепей сініца ў руках, чым журавель у небе. Інакш кажучы, не глядзіце на прываблівыя вобразы ЕЗ і Мытнага Саюза, думайце пра свой “маленькі куточак”; 2. “Старыны не рушыць, навіны не ўводзіць”. То бок, не ганіцеся за пераменамі, якія могуць прывесці да непажаданых наступстваў, лепей захоўвайце звыклую стабільнасць. 3. Цяперашні прэзідэнт – “плоць ад плоці” народа, які ведае яго жыццё не па аповедах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ