Прэзентацыя праекту парталу TuzinFM „(Не)расстраляныя” ў Берасці
У Берасці адбудзецца прэзентацыя праекту парталу TuzinFM -„(Не)расстраляныя”. Мерапрыемства адбудзецца на пляцоўцы абноўленай краўдфанд-кавярні „Грунтоўня”, кіраўніком якой нязменна з’яўляецца Вінцэсь Клімус:
– Мы – грамадская арганізацыя. Мы працуем больш у сферы культуры, таму мы не падтрымліваем ніякія выключна камерцыйныя, рэлігійныя ці палітычныя праекты. А ў іншым плане мы не ставім ніякіх абмежаванняў. І тое, што будзе цікава людзям, кожны можна зрабіць тут, на гэтай пляцоўцы.
У межах прэзентацыі адбудзецца адкрытая лекцыя Васіля Дранько-Майсюка пра забітага камуністычнымі ўладамі ў 1937 годзе Уладзіслава Галубка. Уладзіслаў Галубок – беларускі драматург, празаік, рэжысёр, акцёр, мастак, народны артыст Беларусі, сябра Саюза пісьменнікаў СССР. Паходзіў з Берасцейскай вобласці. Пачатак лекцыі 26 кастрычніка ў 19:00.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце