Мы – хобіты?
Днямі інтэрнэт-партал TUT.BY распавёў цікавую гісторыю паспяховага вазочніка Аляксандра Махортава, які шукае безбар’ернае жытло ў сталіцы, каб жыць са сваёй дзяўчынай.
Саша – аптыміст, чалавек даволі вядомы і заможны. Мае свой бізнэс. Будуе дом, а пакуль дабудуе, то кватэру шукае – лагічна. Знайсці такое жытло ў сталіцы няпроста – то ўмовы ў плане дасяжнасці дрэнныя, то гаспадыры баяцца, што вазочнік сапсуе іх ламінат. Бывае… Маюць права. Іх тэрыторыя.
Тым часам у Гомелі – літаральна перад сустрэчай кіраўнікоў Беларусі ды Украіны! – здалі важны безбар’ерны аб’ект. Не, зусім не стратэгічны па мэце выказвання! Проста затрачаныя на яго пабудову і ўвядзенне ў строй грошы… ўражваюць. Гэта грамадская прыбіральня. Прыбіральня за мільён долараў. Напярэдадні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі паскоранымі тэмпамі фінішыравала будаўніцтва падземнай прыбіральні на беразе Сажа. Убудавалі ў гару, на якой стаіць гомельскі парк.
Пабудавалі прыбіральню за кошт мясцовага бюджэту (і атрымалася на 250 т. даражэй, чымсьці планавалі ўпачатку). Мясцовыя жыхары ўжо далі “аб’екту” мянушку “маўзалей”. Варта зазначыць, што там будзе 15 кабінак, а для вазочнікаў, якія захочуць яе наведаць, маюцца шыкоўныя (мяркуючы па фота ў інтэрнэце!) пад’ёмнікі. Працаваць прыбіральня будзе платна… Ці акупіцца? Праз які час? Ці будуць працаваць пад’ёмнікі для вазочнікаў на самой справе (у штатным рэжыме)? Тэма для журналісцкага расследвання.
Аматарам творчасці Толкіна гомельская прыбіральня нагадае нару Фрода… Нездарма пісалі калісьці пра беларусаў як пра “хобітаў усходнеславянскага лесу”. Нешта ў гэтым ёсць.