Чаму ў Беларусі не будзе адзінага кандыдата ад апазіцыі?
Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага асветніцкага аб’яднання “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч распавёў, чаму ў сённяшніх умовах немагчама вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Анатоль Ляўковіч: Найперш трэба сказаць, што я заўжды пазітыўна ставіўся да вылучэння адзінага кандыдата. Іншая справа, як гэта атрымлівалася. Калі ж казаць пра сёняшні момант, то ў мяне ўзнікаюць вялікія сумненні, што будзе адзіны кандыдат. Гэта практычна немагчыма. Справа ў тым, што многія апазіцыйныя лідары маюць больш негатыўны рэйтынг, чым пазітыўны. І калі ўсе мінусы сабраць у адзін кошык, то плюс не атрымаецца.
РР: Адным словам, адзінага не будзе?
Анатоль Ляўковіч: Ім бы мог стаць чалавек не з вечнай апазіцыйнай тусоўкі. Бо тыя лідары, якія ўжо доўгія гады ўзначальваюць свае структуры, яны ўжо ўсім прыеліся. Сядзяць на кіруючых пасадах у партыях столькі ж, колькі і Лукашэнка. І, як бачым на прыкладзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кадры пасля сябе не асабліва рыхтуюць. Больш за дзесяць гадоў Анатоль Лябедзька кіраваў АГП, а пераемніка сабе так і не падрыхтаваў. І зараз партыя сядзіць па-сутнасці і без лідара, і без грошай.
Таму, калі і абіраць адзінага, то гэта, паўтаруся, павінен быць чалавек не з апазіцыйнай тусоўкі. Гэта павінен быць разумны і аўтарытэтны чалавек дэмакратычных поглядаў, які пагодзіцца вылучыцца і якому паверыў бы народ. Праўда, такога кандыдата павінна шукаць апазіцыя, бо калі яна не будзе гэта рабіць, то такога кандыдата для апазіцыі знойдзе ўлада.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org