У 2020-м пачнецца будаўніцтва бальніцы ў Альшанцы
Бальніца ў мікрараёне Альшанка, якая знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гародні, будзе будавацца ад 2020-га года. Пра гэтыя планы сказаў падчас прыёму з грамадзянамі старшыня гарвыканкама Мячыслаў Гой. Некаторыя тэмы, асабліва транспартныя, у Альшанцы не вырашаныя, і людзі не маюць беспасярэдняга злучэння з важнымі аб’ектамі гарадской інфраструктуры. Кажа Мікалай Салянік – старшыня абласной структуры АГП у Гародні.
– Няма транспарту, якім напрамую можна было б даехаць да абласной бальніцы, бальніцы хуткай дапамогі. Жыве ўжо 30 тысяч, а будзе 70 тысяч насельніцтва. І дабрацца да такіх устаноў, як бальніцы, вельмі важна.
Сябры аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія былі на прыёме, зацемілі, што актыўны дыялог грамадскіх актывістаў і ўладаў рэч неабходная. Але, на жаль, ініцыятыву да такіх сустрэчаў праяўляюць, як правіла, грамадскія актывісты, а не ўлады. Сустрэча адбылася па прычыне таго, што Аляксандр Лаўрэнцьеў, актывіст АГП, прапанаваў Аляксандру Лукашэнку пад час візіту ў Гародню наведаць мікрараён Фабрычны, які мяжуе ў Альшанкай. Кажа Мікалай Салянік:
– Як павінен быў прыехаць да нас у Гародню прэзідэнт, ён павінен быў бы наведаць мікрараён Фабрычны і паглядзець, як у ХХІ стагоддзі людзі выходзяць на вуліцу, каб справіць свае патрэбы. Няхай бы паглядзеў, як выглядаюць там дамы, як іх уцяпляюць і як там людзі жывуць.
На думку Мікалая Саляніка, паляпшэнне інфраструктуры, пасадка зялёных зонаў, будаўніцтва школы застаецца на кантролі гарадзенскіх уладаў. Але грамадскія актывісты, сярод якіх і Мікалай Салянік, гатовыя дапамагчы людзям рознымі акцыямі, у тым ліку шляхам напісання зваротаў і збору подпісаў.
Поўны гутарку слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня