Парашэнка заявіў пра давер да Лукашэнкі
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка адзначыў “важнасць місіі Беларусі” ў пытанні ўрэгулявання сітуацыі з расейскай агрэсіяй на Данбасе.
Пра гэта ён сказаў 26 кастрычніка падчас выступу на Форуме рэгіёнаў Украіны і Беларусі ў Гомелі. Парашэнка адзначыў, што на сто працэнтаў давярае Лукашэнку, і што ў Лукашэнкі, як і ў Беларусі – вельмі важная місія. Падчас Форуму рэгіёнаў прадстаўнікі Украіны і Беларусі падпісалі мемарандумы пра міжрэгіянальнае супрацоўніцтва на 100 мільёнаў даляраў.
“Цяпер адзіная мэта — спыніць вайну і захаваць Украіну адзінай і непадзельнай”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Гомелі на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Відэазапіс выступлення Лукашэнкі і яго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі на пасяджэнні ў рамках форуму рэгіёнаў размясціў на сваім канале ў YouTube „5 канал”.
У гэтым плане Беларусь гатова працаваць „толькі ў рамках дамоўленасці Украіны і Расеі, двух прэзідэнтаў”. Ніякай міратворчасці з боку Беларусі „без жадання двух прэзідэнтаў быць не можа і не будзе”, сказаў Лукашэнка. Пятро Парашэнка гаварыў пра сяброўства з Беларуссю:
– Нам дакладна не патрэбны перакладчык. Мы вельмі добра разумеем, калі вы да нас звяртаецеся па-беларуску, і вашыя апладысменты сведчаць пра тое, што вы вельмі добра разумееце, калі я да вас звяртаюся па-ўкраінску. Такія захады, як гэты форум, дазваляюць казаць, што мяжа паміж нашымі краінамі была, ёсць і дакладна будзе лініяй міру, лініяй сяброўства, якая ўзмацняе давер і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
Пятро Парашэнка гаварыў пра важнасць эканамічнага супрацоўніцтва. Паведамляецца, што Падчас Форуму рэгіёнаў прадстаўнікі Украіны і Беларусі падпісалі мемарандумы пра міжрэгіянальнае супрацоўніцтва на 100 мільёнаў даляраў.
Агульная колькасць удзельнікаў стартавага форуму перавысіла 700 чалавек. Гэта афіцыйныя дэлегацыі адміністрацый рэгіёнаў, галіновых прадпрыемстваў, дзелавых колаў абедзвюх краін.