Слуцкія рабочыя масава выйшлі да выканкама



У Слуцку закрываецца чарговае прадпрыемства – завод жалезабетонных вырабаў. У „чарзе” на закрыццё яшчэ два прадпрыемствы – „Аграсэрвіс” і сетка крам „Усход”, піша kurjer.info.

У сераду 50 работнікаў Слуцкага кіравання вытворча-тэхналагічнай камплектацыі пайшлі ў Слуцкі райвыканкам. Яны ўсе хацелі сустрэцца cа старшынём Слуцкага райвыканкама Андрэем Янчэўскім і папрасіць яго не закрываць прадпрыемства. Да яго ў кабінет прапусцілі толькі трох жанчын. Усіх астатніх папрасілі разысціся.

Пайшлі да яго, таму што наш завод закрываецца. У адказ нам сказалі: „Чаго вы так перажываеце? Усе зачыняюцца, усе сыходзяць, будуць і наступныя”.

„Прасілі да каго-небудзь далучыць, але адказалі, што, калі далучыць да таго ж СБК, будуць пахаваныя два заводы”, — распавяла працаўніца Марыя Аляшкевіч, адна з тых, каму дазволілі прайсці да старшыні.

Як распавёў Аляксандр Шкурскі, намеснік дырэктара прадпрыемства, у траўні падатковая інспекцыя падала заяву ў суд аб прызнанні прадпрыемства банкрутам за запазычанасць падаткаў. У іх з’явіліся даўгі па падатках на зямлю і нерухомасць і налічаны працэнты за іх нявыплату. Кіраўніцтва завода спрабавала яго прадаць праз дзяржаўныя органы, аддаць бясплатна, але ніхто не захацеў яго набыць.

Усяго на заводзе працуе 67 чалавек. 16 чалавек пакуль працягнуць працу.