Кніга з аповедамі на драгічынскай гаворцы



Кніга з аповедамі на драгічынскай гаворцы – такі адзін з галоўных вынікаў праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”.

Цягам двух гадоў праектоўцы рабілі інтэрв’ю з пажылымі вяскоўцамі былога Гутаўскага сельсавета, а пасля сабралі іх успаміны ў агульны зборнік “Галасы вёсак, якія знікаюць”. Каардынатарка праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” Людміла Карнеева зазначае, што зборнік важны як сем’ям герояў, так і краіне:

Кніжка будзе цікавая, таму што ў вельмі нямногіх людзей захавалася тая аўтэнтычная мова. Пройдзе нейкі час, і мова можа зусім знікнуць, а тут яна захавалася. Гэта я лічу вельмі-вельмі важным момантам таго, што мы стварылі.

Прэзентацыя зборніка аповедаў стала апошняй імпрэзай праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” у Драгічынскім раёне. Пра тое, што важны сацыяльны праект закончыўся – а ён уключаў не толькі інтэрв’ю, але і канцэрты, экскурсіі і іншыя актыўнасці для пажылых людзей – шкадуе загадчыца Гутаўскага дома культуры Ніна Максімовіч:

– Усе людзі такія задаволеныя нашай апошняй экскурсіяй у Нясвіж. Старэнькія бабулі казалі, што ногі баляць, але яны не перастануць ісці, бо пабачаць тое, чаго ніколі не бачылі.

Праект “Вёска, якая не павінна знікнуць” рэалізоўваўся ў межах нямецкай праграмы “Месца сустрэчы – дыялог” на грошы фонда “Памяць. Адказнасць. Будучыня”. Упершыню ён стартаваў у 2010 годзе, і эфект праекта настолькі высока ацэньваўся фундатарамі, што яго працягвалі двойчы.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтаркі