Каля 200 праціўнікаў АКБ зноў сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці



На берасцейскай плошчы Леніна 28 кастрычніка зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Каля 200 чалавек стаялі групамі і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Актывісты грамадскай кампаніі супраць узвядзення прадпрыемствы адзначалі, што сёння на плошчу прыйшло нямала новых людзей, а таксама тыя, каго ўжо пераследавалі за акцыю 14 кастрычніка. Усяго было аштрафавана 12 чалавек, яшчэ трое атрымалі пяць сутак арышту.

„Гэта сведчыць пра тое, што людзей штрафамі і арыштамі не запалохаць”, — лічыць актывістка Алена.

Праціўнікі завода знайшлі даклад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, апублікаваны ў 2017 годзе і прысвечаны выкідам свінцу з заводаў, якія займаюцца перапрацоўкай свінцовых акумулятарных батарэй. У дакуменце гаворыцца пра шкоду свінцу і яго ўплыў на экалагічную сітуацыю. Прыведзены факты смерці дзяцей, якія атруціліся свінцом. Актывісты маюць намер перакласці даклад на рускую мову і адправіць у Міністэрства аховы здароўя і Адміністрацыю прэзідэнта. На іх думку, завод па выпуску батарэй не менш небяспечны, чым завод па іх перапрацоўцы.

Тых, хто сабраўся, турбавала знікненне праваабаронцы Рамана Кісляка. 26 кастрычніка ён павінен быў прыйсці па позве ў Ленінскі РАУС. Напярэдадні Кісляк тэлефанаваў туды даведацца, з якой нагоды яго выклікаюць. Адказу ён не атрымаў. Тэлефон праваабаронцы недаступны з другой паловы дня 26 кастрычніка.

Яго калега Уладзімір Вялічкін паведаміў, што 27 кастрычніка ў 14.30 насіў у ІЧУ Ленінскага РАУС перадачу блогеру Сяргею Пятрухіну і пацікавіўся, ці можна аддаць перадачу Кісляку. На гэта Вялічкіну адказалі, што такога чалавека ў іх няма.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

З 25 лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны.

БелаПАН