Цалафанавы пакет або экалагічная торба з модным прынтам?
У Еўропе бліжэйшым часам могуць адмовіцца ад многіх – ужо традыцыйна зручных! – рэчаў. Напрыклад, ад вільготных сурвэтак, палачак для чысткі вушэй або трубачак для кактэйляў… Што будзе далей?
Усе гэтыя зручныя ў побыце дробязі прыйшлі да нас са спазненнем, то і адмаўляцца ад іх, пэўна, будзем не адразу. Зашмат пластыку мы ўжываем – бясспрэчна. “Глабальная вытворчасць пластыку – сотні мільёнаў тон у год”, – паведамілі ў Вене падчас Еўрапейскага тыдня гастраэнтэралогіі. Людзі з’ядаюць пластык разам з рыбай і морапрадуктамі, марской соллю, півам, мёдам і вадой у бутэльках. Што рабіць з усім гэтым смеццем?
Прасунутыя беларусы спрабуюць быць у трэндзе – змагаюцца з пластыкавымі пакетамі. У сеціве з’явілася петыцыя, што прапаноўвае забараніць іх зусім або ўвесці падатак на ўжыванне. І нельга адмовіць аўтарам петыцыі ў логіцы.
Нельга не пагадзіцца з тым, што ў Беларусі вельмі нерацыянальна ставяцца да пытання выкарыстання пластыкавых тавараў, а фасовачныя пакеты раздаюць бясплатна. У нас няма альтэрнатывы ў выглядзе біяраскладальных пакетаў, што вельмі дрэнна.
Петыцыя нагадвае: у Даніі яшчэ ў 1994 годзе быў уведзены падатак на бясплатную раздачу цалафанавых пакетаў (попыт знізіўся на 90%). У Англіі з 2004 года людзі набываюць хлеб у біяраскладальных пакетах, а ў Занзібары (!) увогуле забаронены ўвоз такіх пакетаў і посуду.
Выснова? Мы не можам адразу запазычыць досвед Еўропы (або Занзібара), але петыцыю вывучыць і падпісаць можам (засталося яшчэ 23 дні!) Хадзіць за хлебам і малаком з палатнянымі стылёвымі торбамі – таксама варыянт.