Кіраўніцтва „Поедем поедим” хоча прыцягнуць абаронцаў Курапатаў да крымінальнай адказнасці
Кіраўніцтва рэстарана „Поедем поедим” падало ў міліцыю заяву аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці абаронцаў Курапат. Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
„Цяпер праходзіць праверка, па выніках якой будзе вырашана, ці распачынаць крымінальную справу. Пра гэта мне па тэлефоне паведаміў участковы Бараўлянскага аддзела міліцыі Менскага РУУС, які выклікаў мяне, Дзмітрыя Дашкевіча, Ганну Шапуцьку і Дзяніса Урбановіча як удзельнікаў працэсу. У міліцыі з нас хочуць узяць тлумачэнні ў рамках праверкі”, — сказаў Севярынец.
31 кастрычніка ён збіраецца з’ездзіць у міліцыю. „Хутчэй за ўсё, мы будзем падаваць сустрэчную заяву на „Поедем поедим”. А менавіта аб распачынанні крымінальнай справы на ўсіх, хто захапіў частку ахоўнай зоны Курапатаў, запускае феерверкі і топча ўсе нормы закона”, — сказаў палітык.
Севярынец таксама паведаміў, што 28 кастрычніка каля 20 абаронцаў Курапатаў правялі нараду. „Мы прынялі рашэнне, што будзем пратэставаць каля рэстарана да перамогі, пакуль ён не будзе зачынены”, — адзначыў ён.
Пратэсты супраць працы рэстарана „Поедем поедим” ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 мая.