Унікальныя фота аршанскай турмы, якой няма



Дагэтуль часта кажуць пра турму ў цэнтры Воршы, але турмы няма. На сёння гэтая турма – міф і ўспамін, напачатку 90-ых знакамітая калонія нумар шэсць – „шасцёрка”, спыніла сваё існаванне. Езуіцкі калегіум,  у якім месцілася турма, адрэстаўравалі. 

Вось тут на беразе Аршыцы некалі была „турма ў цэнтры горада”. 

У 90-ыя гады даследчык з Воршы, Юрась Копцік, паспеў зрабіць фотаздымкі, якія зафіксавалі момант паміж ліквідацыяй „зоны” і пачаткам рэстаўрацыі.    

90-ыя гады – калоніі больш няма, рэстаўрацыя калегіўма яшчэ не пачалася. Аўтар фота: даследчык Юрась Копцік. 

У 30-ыя гады людзей з аршанскай турмы вывозілі на расстрэлы – на Кабыляцкую гару ды ў лес па Магілёўскай шашы. 

Праз  турму ў Воршы, якая месцілася ў будынках Езуіцкага калегіуму,  прайшла незлічоная колькасць ахвяраў сталінскага рэжыму. Ворша – буйны чыгуначны вузел, тут спыняліся цягнікі, якія везлі рэпрасаваных.

У 80-ыя гады 20 стагоддзя аршанскі даследчык Юрась Копцік, які на той час працаваў карэспандэнтам газеты “Ленінскі прызыў”, шмат ездзіў па раёне і збіраў унікальны матэрыял – успаміны сведкаў расстрэлаў і сваякоў расстраляных.

Пры сустрэчах Юрася Копціка са сваякамі расстраляных высветлілася яшчэ адна акалічнасць – падчас хрушчоўскай “адлігі”, калі пайшла першая хваля рэабілітацыі, у пасведчаннях пра смерць расстраляным пісалі іншыя прычыны смерці, каб зменшыць колькасць расстраляных.  

– Пазначалі ў пасведчаннях аб смерці, напрыклад, не “расстрэл”, а “запаленне мозгу”. І толькі пасля “перабудовы”, у 90-ыя гады сваякі расстраляных пры Сталіну здолелі даведацца сапраўдную прычыну смерці сваіх блізкіх – расстрэл, – кажа Юрась Копцік.         

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя