Каля будынка КДБ прайшла акцыя ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій



Перад цэнтральным уваходам у будынак КДБ Беларусі на праспекце Незалежнасці ў Менску вечарам 29 кастрычніка прайшла ініцыяваная апазіцыйным палітыкам Мікалаем Статкевічам несанкцыянаваная акцыя ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Акцыя прымеркаваная да трагічных падзей 81-гадовай даўніны. У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, дзе зараз размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя больш за 130 чалавек: навукоўцы, літаратары, лекары, грамадскія дзеячы, кіраўнікі, работнікі сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю.

Статкевіч бесперашкодна дабраўся да месца акцыі. У размове з журналістамі ён адзначыў важнасць яе правядзення. Паводле яго слоў, няважна, колькі чалавек возьме ў ёй удзел, галоўнае паказаць, што беларусы памятаюць пра тое, што здарылася ў будынку КДБ у 1937 годзе. Цяперашніх супрацоўнікаў КДБ Беларусі ён назваў „спадкаемцамі тых, хто ажыццяўлялі рэпрэсіі ў 1930-х гадах”. „Яны нават не знайшлі час змяніць назву. У іх кабінетах працягваюць вісець партрэты Дзяржынскага. Яны не хочуць адкрываць архівы пра тое, як праводзіліся рэпрэсіі і хто ў іх удзельнічаў”, — адзначыў палітык.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 20 чалавек, у тым ліку палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Вячаслаў Сіўчык, актывісты Яўген Афнагель, Мікалай Кулакоў, Вольга Нікалайчык, Ніна Багінская і іншыя.

Акцыя доўжылася прыблізна 40 хвілін і прайшла без інцыдэнтаў. Завяршаючы яе, удзельнікі расставілі свечкі ля ўваходу ў КДБ, пасля чаго Статкевіч прапанаваў прайсці да таго месца (левае крыло будынка), дзе размешчаныя падвалы, у якіх расстрэльвалі рэпрэсаваных.

У размове з журналістамі Някляеў заявіў, што не мог не прыйсці на акцыю — не мог не ўшанаваць памяць расстраляных пісьменнікаў і паэтаў. „Гэта мае крэўныя браты, мае папярэднікі. Калі б іх не было, магчыма, я б не стаў паэтам”, — сказаў ён.

Някляеў таксама адзначыў: калі беларусы не будуць памятаць трагічныя старонкі сваёй гісторыі, то могуць за гэта „сур`ёзна паплаціцца”.

belapan.by