Савок у галовах



Цікава, а што б гаварыла кіраўнічка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, калі б маятнік гісторыі ў Беларусі качнуўся ў іншы бок? Ці ўзгадвала б яна камсамол, калі б над краінай цяпер луналі бел-чырвона-белыя сцягі, а 25 сакавіка было б афіцыйным святам. Альбо яна б гаварыла, што ВКЛ і БНР – гэта нашая гісторыя і што яна ніколі ў жыцці не была камсамолкай.

Пытанне, ці была б Наталля Качанава кіраўнічкай Адміністрацыі. Магчыма, яна б стала выхавацелькай у дзіцячым садку, як пра тое сама і марыла. Затое тады б беларускамоўных шыльдаў дакладна б не паменела ў Наваполацку. Як гаворыць літаратар Вінцэсь Мудроў, менавіта пры старшыньстве Качанавай у Наваполацку амаль пазнікалі ўсе беларускамоўныя надпісы. Калі б маятнік гісторыі качнуўся інакш, то Наталля Качанава, магчыма, і была б на ганаровым сходзе ў Палацы Рэспублікі. Але, магчыма, не як кіраўнічка Адміністрацыі. І сход бы ладзіўся не з нагоды ВЛКСМ, а з нагоды 100-годдзя БНР. І кіраўнікі не разважалі так, як цяпер Наталля Качанава. Яны б не гаварылі, як яна, у стылі савецкай ідэалогіі, што “камсамольцы імкнуліся пабудаваць свет без войн і агрэсіі, свет сяброўства і ўзаемапавагі”. Бо пры Савецкім Саюзе былі і войны, і агрэсіі, і акупацыя, і ГУЛАГі. І Наталля Качанава дакладна б не ганарылася б савецкі мінулым. Бо ганарыцца там няма чым. А трэба прызнаць, што Савецкі Саюз – гэта рэпрэсіі, адсутнасць свабоды слова, парушэнне правоў чалавека. А яшчэ галеча і адсутнасць ініцыятывы. І што менавіта пры Савецкім Саюзе спаілі беларусаў так, што цяпер мы лідзіруем па колькасці спажывання алкаголю. Аднак можна колькі заўгодна разважаць і марыць, што было б. Рэальнасць – зусім іншая. Рэальнасць такая, што савок дагэтуль у галовах. І што самае страшнае, што гэты савок у галовах тых, хто кіруе цяпер Беларуссю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ