Улады дазволілі шэсце і мітынг у Лошыцкім яры
Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ атрымала ад Менгарвыканкама дазвол на правядзенне ў Менску шэсця і мітынгу ў раёне Лошыцкага парку. Як паведаміў намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі, мерапрыемства пройдзе 4 лістапада. Яно прымеркавана да Дня памяці продкаў Дзяды, адзначэнне якіх яшчэ працягваецца.
– Фармат мерапрыемства наступны: з 12.00 да 12.30 – збор удзельнікаў мерапрыемства на пляцоўцы ля будынка Менскага гарадскога палаца культуры па вуліцы Маякоўскага, 129. З 12.30 да 13.00 – дэманстрацыя па тратуарах вуліцы Маякоўскага ад гэтага палаца да памятнага крыжа ў Лошыцкім яры. І з 13.00 да 15.00 – мітынг на пляцоўцы каля памятнага крыжа ў Лошыцкім Яры.
Юрась Беленькі запрасіў грамадзянаў Беларусі, якія адзначаюць Дзяды ці не змаглі ўдзельнічаць у шэсці і мітынгу ў Курапатах у нядзелю 28 кастрычніка, прыйсці на шэсце і мітынг у Лошыцкім яры – таксама адным з месцаў пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск