Магістраль “Усходні абыход” – пад пытаннем



Амбіцыйны праект аўтамагістралі „Усходні абыход” у Гомелі пераўтвараецца ў даўгабуд. З 2010-га года аніяк не дабудуецца транспартная развязка, якая павінна злучыць левы і правы берагі ракі Сож. Грамадскі актывіст Юрый Клімовіч заўважае, што яшчэ на этапе праектавання аўтадарогі былі дапушчаныя недапрацоўкі:

– У пагоні за зніжэннем коштаў будаўнікі выбралі самы танны варыянт – будаўніцтва трасы даўжынёй 8 км уздоўж поймы Сожа і Іпуці, бо там няма ні зноса жылых пабудоў, няма ніякіх камунікацый, якія трэба было б пераносіць. Гэтае рашэнне прымалася ў Менску, а Менск не цікавяць гомельскія асаблівасці і прыярытэты, іх цікавяць толькі кошты. 

Гамяльчук Яўген канстатуе, што ў буднія дні, у гадзіну пік, цэнтральная частка Гомеля стаіць у вялікім траспартным заторы. Таму патрэба ва „Усходнім абыходзе” – ёсць:

– Мінула ўжо, падаецца, 4 гады. Будоўля амаль не вядзецца. Людзі казалі, што побач ездзяць нейкія машыны, працуе тэхніка, але за 4 гады такі дастаткова просты аб’ект павінны былі ўжо пабудаваць. Бо будоўлю распачалі, парушылі ўсё, што толькі можна было парушыць: і экалагічны складнік закранулі, і гістарычны, а ў выніку ўсё захрасла і стаіць на месцы.

Першапачаткова планавалася, што 40 з нечым кіламетраў аўтамагістралі рэспубліканскага значэння „Усходні абыход” здадуць у 2015 годзе. Але з прычыны фінансавых складанасцяў будаўніцтва дарогі фактычна замарозілася.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота odsgomel.org