Місія МВФ будзе працаваць у Беларусі з 5 па 15 лістапада



Аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) будзе працаваць у Беларусі з 5 па 15 лістапада, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве фонду ў Менску.

„Місія фонду на чале з яе кіраўніком па Беларусі Жакам Міньянам будзе працаваць у Менску з 5 па 15 лістапада. Мэта работы традыцыйнай штогадовай місіі — агляд бягучай эканамічнай сітуацыі ў краіне і працяг кансультацый з уладамі па мерах эканамічнай палітыкі”, — удакладнілі ў прадстаўніцтве.

Беларусь запытвала ў МВФ крэдыт на 3 млрд долараў, аднак летам мінулага года ўрад паведаміў, што перамовы прыпыненыя. Нягледзячы на прыпыненне перамоў па крэдытнай праграме, паміж персаналам Міжнароднага валютнага фонду і беларускімі ўладамі захоўваецца дыялог. Дыскусіі працягваюцца, але пры гэтым бакі па-рознаму глядзяць на хуткасць неабходных рэформаў.

Міністр эканомікі Дзмітрый Круты заявіў на гэтым тыдні журналістам пра гатоўнасць разам з экспертамі МВФ па ўсіх блоках „дэталёва паглядзець усе іх пытанні”. Ён таксама адзначыў, што Беларусь пакуль не плануе правядзенне перамоваў з МВФ аб выдзяленні крэдыту, а сам перамоўны працэс па гэтым пытанні знаходзіцца „ў рэжыме пашыранай паўзы”.

На думку шэрагу незалежных эканамістаў, напярэдадні буйных палітычных кампаній — прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў — беларускія ўлады не гатовыя падымаць тэму непапулярных эканамічных рэформаў.

У кастрычніцкай справаздачы World Economic Outlook Міжнародны валютны фонд прыкметна палепшыў прагноз для эканомікі Беларусі. Так, паводле ацэнак эканамістаў фонду, у 2018 годзе рост ВУП у Беларусі можа скласці 4%. Гэта значна лепш за папярэднюю ацэнку МВФ — у красавіцкай справаздачы фонд ацэньваў рост беларускай эканомікі ў бягучым годзе на ўзроўні 2,8%.

Таксама, згодна з кастрычніцкай ацэнкай аналітыкаў фонду, у 2019 годзе ВУП у Беларусі вырасце на 3,1% супраць 2,4%, названых у папярэднім прагнозе.

БелаПАН