У Гародні прыгадалі беларускага адраджэнца Міхася Ткачова



У Беларусі дзень памяці грамадскага дзеяча Міхася Ткачова: гісторыка, археолага, кіраўніка “Паходні”, які памёр у 50-гадовым узросце ў 1992-м годзе ў Менску.

Для многіх гарадзенцаў Ткачоў быў чалавекам, з якога бралі прыклад, кажа публіцыст і журналіст Уладзімір Хільмановіч:

– Гэта вялікая постаць ва ўсіх сэнсах у беларускай гісторыі. На жаль лёс адвёў яму вельмі кароткі век, па-сутнасці, чалавек пражыў, і мы нават не задумваліся пра гэта, што ён памёр такім маладым. Гэта чалавек, які адкрываў беларусам гісторыю, замкі беларускія, адкрыў Якушоўку для ўсёй Беларусі. Мне пашчасціла ўдзельнічаць у раскопках 1987 года.  

Для гарадзенскага мастака Алеся Сурава смерць Міхася Ткачова – гэта нешта асабістае:

– Мне пашчасціла трапіць у гэты адраджэнскі вір, які існаваў, у “Паходню”. Ён часта прыходзіў у музей, у якім я працаваў. Вельмі часта разважалі пра ўсё: археалогію, гісторыю. Тое, што ён гаварыў, тое, што ён думаў, тое, куды ён накіроўваў нашу думку, гэта было вельмі важным для мяне і для фарміравання свядомасці ў тыя часы. Здавалася, што так будзе заўсёды, і раптам такая нечаканая смерць яго, для мяне была асабістай трагедыяй.

Памяць Міхася Ткачова ўшанавана памятнай шыльдай на доме ў Гародні, дзе ён жыў, а ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта адбываюцца штогадовыя сустрэчы памяці.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня