Імітатары ад БРСМ



Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі – гэта тыповы прыклад так званай псеўдаграмадскай структуры. У паліталагічнай навуцы для такіх аб’яднанняў даўно існуе  адпаведная наза GoNGO, што перакладаецца як “урадавая-няўрадавая арганізацыя”. Гэты тэрмін абсалютна дакладна адлюстроўвае сутнасць арганізацый, якія мімікруюць пад добраахвотныя грамадскія аб’яднанні, з’яўляючыся насамрэч усяго толькі дзяржаўнай падробкай.

БРСМ часта прынята параўноўваць з камсамолам. Сапраўды ў гэтых арганізацый шмат падобнага. Як і камсамол, БРСМ рэтранслюе дзяржаўную прапаганду і падтрымлівае ўладу. У БРСМ існуе традыцыя студэнцкіх будаўнічых атрадаў, пасады сакратароў і членскія ўнёскі. Але, у адрозненне, ад камсамола праўладны саюз моладзі не можа пахваліцца наяўнасцю магутнай ідэалогіі.

Цяперашнія ўлады бачаць у БРСМ манапаліста на полі грамадскіх арганізацый для моладзі, які не дапусціць вальнадумства і ўдзелу падрастаючага пакалення ў альтэрнатыўных аб’яднаннях. Другая функцыя БРСМ – кузня кадраў для адміністрацыйнага апарату. Зрабіць добрую кар’еру ў Беларусі ў сілавых структурах альбо ў дзяржаўных установах магчыма толькі, пацвердзіўшы сваю лаяльнасць. Самы просты доказ гэтай лаяльнасці – сяброўства ў БРСМ для моладзі, а для дарослых – у “Белай Русі”.

Ад моманту свайго стварэння ў 2002 годзе БРСМ можа хваліцца сотнямі тысяч выдадзеных членскіх білетаў, але не аўтарытэтам у грамадстве. Уступленне ў шэрагі дадзенай арганізацыі – “добраахвотна-прымусовае”. У Беларусі склалася такая практыка, што ў бацькоў не асабліва пытаюць, калі заганяюць дзяцей у піянерскую арганізацыю. З БРСМ – тая ж сітуацыя. Часам здараецца так, што студэнты дазнаюцца пра сваё сяброўства ў гэтай структуры толькі па заканчэнні універсітэта, калі трэба падпісаць абхадны ліст.

І вось на днях у сеціве выбухнуў чарговы скандал, звязаны з прымусовым характарам уступлення ў шэрагі сябраў БРСМ. Вучні адной са сталічных гімназій выклалі аўдыё, на якім намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце пераконвае падлеткаў у тым, каб яны ўступалі ў БРСМ. Дзеці ціха, але вельмі ўпарта адмаўляюцца, гавораць, што ім гэта не патрэбна, што бацькі таксама супраць БРСМ. Кабета настойвае, яе рыторыка і інтанацыі нагадвае мову асацыяльных элементаў з крымінальным мінулым. Калі лаканічна, то месэдж звароту такі: “не будзеце ў БРСМ, пазбавіцеся будучыні”. Але хочацца прывесці цытату, якая характарызуе глыбіню дэградацыі гэтай арганізацыі і ўсёй сістэмы адукацы. “Вы разумееце, што ўсё заплачана даўно. Вы ўжо там! Нам тупа вашыя фотаздымкі патрэбныя”, — крычыць невядомая нам завуч. Гаворка ідзе пра тое, што спісы сябраў арганізацыі падрыхтаваныя загадзя, незалежна ад жадання дзяцей. Ад іх – толькі фотаздымкі, каб зрабіць членскія білеты. Наяўнасць членскіх білетаў дазволіць адміністрацыі гімназіі адсправаздачыцца пра 100%-ы ахоп вучняў. Калі не будзе ўсеагульнага ахопу сяброўствам БРСМ у гімназіі, гэта дасць падставы начальству гаварыць пра кепска наладжаную педагагічную працу, чаго так баяцца адміністрацыі школ.

На наступны дзень пасля выхаду нашумелага аўдыё пачалі выказвацца супрацоўнікі Міністэрства адукацыі. Калі першыя каментары былі разгубленыя, то пазней, як і варта было чакаць, чыноўнікі заявілі пра “фейк” і сфабрыкаваны характар матэрыяла. Маўляў, сяброўства ў БРСМ – справа добраахвотная і прэстыжная. Пасля такіх выпадкаў у чарговы раз думаеш пра тое, што Інтэрнэт і гаджэты – цудоўныя вынаходніцтвы, якія дазваляюць вывесці на чыстую ваду ўсіх прайдзісветаў. У тым ліку і імітатараў ад БРСМ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ