Лукашэнка: Асобныя заходнія партнёры ў захапленні ад нашай пазіцыі па Абхазіі, Крыме і Данбасе
Асобныя заходнія партнёры Беларусі ў захапленні ад пазіцыі Менска па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, па Крыме і Данбасе. Аднак як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі ў Менску.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сёння ў Еўропы ёсць прэтэнзіі да Беларусі ў пытанні правоў чалавека.
— Нам кажуць, што Еўропа зацікаўлена ў суверэнітэце Беларусі. Пры гэтым асобныя нашы заходнія партнёры ў захапленні ад пазіцыі Менска па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, па Крыме і Данбасе. Аднак як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека.
Давайце паглядзім, што адбываецца з дэмакратыяй у Заходняй Еўропе. Калі ўжо немцы не ацанілі ролю Меркель у гісторыі і гатовыя яе выкінуць на задворкі, то я вас віншую. Вы паглядзіце, што адбываецца ў вас, у Еўропе з дэмакратыяй, а вы ўсё кажаце аб дэмакратыі ў былых савецкіх рэспубліках.
Вы хутка прыедзеце да нас, вучыцца нашай дэмакратыі. Бо ў нас ёсць стабільнасць для нармальнага жыцця людзей. Дзяўчынкі не павінны баяцца ў школу хадзіць у спадніцы. Пра якія правы чалавека тут можна казаць? Дзе правы 70 чалавек, якіх расстралялі ў Нарвегіі? А ён сядзіць у трохпакаёвай турме, добра яму, — сказаў Лукашэнка.
Па словах кіраўніка краіны, для Беларусі адным з ключавых складнікаў не толькі фундаментальных правоў чалавека, але і бяспекі, была і застаецца сацыяльна-эканамічная сфера.
– Я глыбока перакананы, што ў нестабільным грамадстве не могуць быць забяспечаны правы і свабоды чалавека. Нехта зараз на Захадзе кажа, што самая дэмакратычная краіна ва Усходняй Еўропе сёння — эта Украіна. Але хто з вас хоча жыць у гэтай дэмакратычнай Украіне, напрыклад, на Данбасе? – сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што Беларусь шмат робіць для Еўразвяза ў сферы бяспекі. Краінай створаны «эфектыўны заслон на шляху нелегальнай міграцыі, наркатрафіку і крыміналу ў Еўропу», «нават мыш не прапаўзе праз нашы межы» у Еўропу.
– Пры гэтым мы не прэтэндуем на сяброўства ў ЕЗ, на каленях не поўзаем там у Брусэлі, і ідзем да еўрапейцаў зусім не з працягнутай рукой. Нам заўсёды ёсць што прапанаваць партнёрам, – сказаў Лукашэнка.