Чэмпіянат Беларусі: бітва за медалі ў разгары



26-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі быў адметны тым, што ў сераду ў трох матчах на поле выйшлі непасрэдныя спаборнікі за медалі. У выніку дня барысаўскі БАТЭ фактычна забяспечыў сабе залатыя ўзнагароды. Падзел іншых узнагародаў – наперадзе.

Першым пачаўся матч у Салігорску, дзе мясцовы „Шахцёр” прымаў дзёрзкі ФК „Віцебск”. У першай палове сустрэчы гаспадары вызначыліся аднойчы – мяч на свой рахунак запісаў Павел Рыбак. Неўзабаве пасля перапынку албанскі легіянер Эліс Бакай падвоіў перавагу гарнякоў. Толькі ў самай канцоўцы віцебляне змаглі арганізаваць гол прэстыжу – трапным далёкім ударам вызначыўся Міхаіл Казлоў. У выніку перамога „Шахцёра” – 2:1.

Наступны матч паміж набраўшым хаду жодзінскім „Тарпедам”-БелАЗ і менскім „”Дынамам” галоў не прынёс – вынікам 0:0, думаецца, засталіся незадаволенымі абодва клубы.

У заключным паядынку дня берасцейскае „Дынама” прымала чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ. Матч пачынаўся аптымістычна для гаспадароў поля – на 14-й хвіліне лепшы бамбардзір першынства Павел Савіцкі забіў свой 13-ы гол у чэмпіянаце. БАТЭ высілкамі Ягора Філіпенкі адыграўся пасля антракту. На 87-й хвіліне майстар вырашальных галоў Максім Скавыш вывеў барысаўцаў наперад. Канчаткова ўсе пытанні ў даданы час зняў гол Ігара Стасевіча – БАТЭ перамог 3:1 і амаль аформіў сабе чэмпіёнства. БАТЭ дастаткова ўзяць у апошніх чатырох гульнях толькі адно ачко.

Верхняя частка турнірнай табліцы зараз выглядае так:

1. БАТЭ – 66 ачкоў

2. „Шахцёр” – 54

3. ФК „Віцебск” – 53

4. „Дынама” (Менск) – 51

5. „Тарпеда” (Жодзіна) – 47

6. „Дынама” (Берасце) – 45

Беларускае Радыё Рацыя