Лукашэнка: Беларусь ніколі не будзе ваяваць з Польшчай



Беларусь ніколі не ініцыюе канфлікт з Польшчай і не будзе з ёй ваяваць, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка ў менскім Палацы Незалежнасці на пасяджэнні ўдзельнікаў сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

„Звяртаючыся да прадстаўніка Польшчы, хачу сказаць: вы заўсёды кажаце, маўляў, асцерагаецеся суседзяў з Усходу, — сказаў ён. — Вы што, нас асцерагаецеся? Мы на ўсходзе, вы што, нас асцерагаецеся? Слухайце, вы нам не чужыя людзі, мы калісьці жылі ў адной дзяржаве. мы ніколі не ставілі сваёй мэтай не тое што ваяваць з вамі ў цяперашні час, мы нават не думалі пра тое, каб на вас дрэнна глядзець. У нас у Беларусі 300 з лішнім тысяч этнічных палякаў — выдатна жывуць, добрыя грамадзяне нашай краіны”.

„Якая вайна, чаму вы баіцеся нас? Вось гэта таксама небяспечныя размовы. Памятайце: мы ніколі не будзем ваяваць з Польшчай. Мы ніколі не будзем ініцыяваць гэты канфлікт. Не трэба будаваць там амерыканскія базы, каб абараніцца ад нас з Усходу. Не будзе ад нас ніякай пагрозы”, — дадаў Лукашэнка.

У сярэдзіне верасня, на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне паводле вынікаў перамоў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прапанаваў стварыць на тэрыторыі краіны пастаянную амерыканскую ваенную базу. Згодна са словамі Дуды, Польшча гатовая выдаткаваць 2 млрд долараў на стварэнне базы з рабочай назвай „Форт Трамп”. Рашэнне аб стварэнні базы можа быць прынятае ў пачатку наступнага года.

Зараз на тэрыторыі Польшчы на ратацыйнай аснове прысутнічаюць прыблізна 3 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў.

belapan.by