Нямецкі дыпламат: Дыялог паміж ЕЗ і ЕАЭС неабходны ў святле актыўнасці Кітая
Германія зацікаўленая актывізаваць дыялог па лініі Еўрапейскі Звяз — Еўразійскі эканамічны саюз. Пра гэта заявіў экс-кіраўнік офіса АБСЕ ў Беларусі, нямецкі дыпламат Ханс-Ёхан Шміт 1 лістапада ў Менску на міжнароднай канферэнцыі „Узаемадзеянне дзяржавы і бізнесу ў краінах ЕЗ і ЕАЭС”.
„Пытанне ў тым, наколькі ёсць гатоўнасць з боку ЕЗ у дачыненні да Еўразійскага дыялогу на больш высокім узроўні пасля некалькіх гадоў яго стагнацыі. Германія лічыць, што гэты дыялог трэба весці ў сувязі з тым, што адбываецца цяпер ва Украіне”, — адзначыў дыпламат.
Паводле яго слоў, сярод элітаў краін ЕЗ вядзецца спрэчка аб тым, наколькі такі дыялог апраўданы з палітычнага пункту гледжання. „Некаторыя краіны, напрыклад Польшча і Літва, заўзята выступаюць супраць гэтага. Мая асабістая думка: мы ў ЕЗ павінны мець цікавасць весці дыялог у сілу таго факта, што кітайская ініцыятыва новага „Шаўковага шляху” спрабуе замацавацца як у Еўразійскім, так і ў Еўрапейскім Звязе. Эфектыўнасць гэтай ініцыятывы правільна было б узгадніць, устанавіць пэўныя стандарты ў яе дачыненні, выпрацаваць сумесную канцэпцыю”, — падкрэсліў Шміт.
Дыпламат адзначыў, што Кітай імкнецца эканамічна пранікнуць як ва Усходнюю, так і ў Заходнюю Еўропу. „Але ўзнікае пытанне, як нам узаемадзейнічаць з краінай, якая развівае зусім іншую грамадскую мадэль. Мне здаецца, неабходна ствараць кааперацыйныя сувязі, якія будуць выгадныя ўсім бакам”, — лічыць ён.
Шміт звярнуў увагу на тое, што кітайскія інвестары, калі прыходзяць у якую-небудзь краіну, не цікавяцца сітуацыяй з правамі чалавека і ўнутрыэканамічнымі адносінамі, іх у першую чаргу цікавіць магчымасць укладваць сродкі ў інфраструктурныя праекты, у якіх іх краіна зацікаўлена.
„Беларусь адыгрывае вялікую ролю ў кантактах з Кітаем. У ЕЗ прыходзіць у год каля 300 тыс. кантэйнерных цягнікоў з прадукцыяй з Кітая, і прыкладна 290 тыс. з іх ідзе праз вашу краіну”, — сказаў дыпламат.
Ханс-Ёхан Шміт узначальваў офіс АБСЕ ў Менску ў 2008—2010 гадах. У снежні 2010 года, пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў і негатыўнай рэакцыі АБСЕ на разгон мірнай акцыі пратэсту ў сталіцы, беларускі бок не прадоўжыў мандат офіса ў сувязі з „адсутнасцю аб’ектыўных падстаў для захавання місіі АБСЕ ў Беларусі”.