«(Не)расстраляныя» — адкрытая лекцыя пра Алеся Дудара



2 лістапада адбудзецца адкрытая лекцыя Ганны Севярынец пра Алеся Дудара. Гомель, арт-прастора «Каўчэг» (пр.Перамогі, 2а), 19:00. Уваход вольны.

Партал TuzinFM.by працягвае праект, прысвечаны памяці рэпрэсаваных у 1930-х беларускіх творцаў. Рыхтуецца кніжнае выданне з музычным дадаткам, пройдуць новыя лекцыі з выступамі музыкаў у Мінску і прэзентацыі ў рэгіёнах

«(Не)расстраляныя» — працяг праекта, які пакліканы вярнуць імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры ў сучасны дыскурс. Рыхтуецца да друку ўнікальнае выданне, у якое ўвойдзе 18 гісторыяў жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, больш за сто абраных твораў ды каля сотні архіўных фотаздымкаў, частка з якіх будзе апублікаваная ўпершыню. Таксама да кнігі будзе далучаны музычны CD-дадатак з песнямі на словы герояў праекту. Аб’ём кнігі — больш за 300 старонак. Аздабленнем выдання займаецца дызайнерка Наста Шастак.

Падтрымаць праект/замовіць кнігу — ulej.by

Над выданнем працуюць знаныя даследчыкі літаратуры і культуры, якія ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі падрыхтавалі і прачыталі адкрытыя лекцыі пра герояў гэтага праекта. 12 лекцыяў прайшлі ў 2017 годзе ў кнігарні «Логвінаў». Увосень 2018 года ў межах праекта ў кнігарні «Логвінаў» адбудзецца 6 новых лекцыяў. Прэзентацыі праекта з адкрытымі лекцыямі запланаваныя таксама ва ўсіх абласных гарадах.

 «Мы хочам, каб творы закатаваных пісьменнікаў ведалі, а іх твары пазнавалі. Перакананы, што каб дасягнуць такой мэты, варта працаваць на ўсіх узроўнях успрыняцця і рабіць гэта густоўна, прыгожа і па-сучаснаму», — кажа кіраўнік і прадусар праекта Сяргей Будкін. Летась у першай частцы праекта вершы расстраляных паэтаў праз 80-100 год пасля іх напісання сталі песнямі. Летась прайшла канцэртная прэзентацыя праекта і 12 адкрытых лекцый з удзелам музыкаў, а таксама рэалізаваны выдавецкі праект — серыя з 12 «маўклівых кніг» — нататнікаў з выявамі паэтаў і цытатамі з іх твораў. У Facebook створана 12 персанальных старонак паэтаў, куды дадаюцца іх творы, фота і ўспаміны.

Падтрымаць праект і замовіць сабе кніжнае выданне можна на Ulej.by. Пры паспяховай рэалізацыі задумы з кніжным выданнем у межах праекту «(Не)расстраляныя» аўтары абяцаюць зрабіць тэатральную пастаноўку паводле аднаго з твораў беларускай літаратуры 1930-х.