Алег Сянцоў напісаў ліст праваабаронцам



Палітвязень, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў напісаў ліст праваабаронцам, у якім расказаў пра стан свайго здароўя пасля спынення галадоўкі.

Ліст Сянцова абнародаваў у Facebook 1 лістапада расейскі праваабаронца Мікалай Шчур.

„Сам я адчуваю сябе лепш, чым месяц таму, намнога. Аналізы, канешне, яшчэ не такія добрыя, але ўжо і не кепскія як раней. Капаць таксама ў канцы мінулага тыдня перасталі, нарэшце. Цяпер, пераважна, дыета, назіранні і так, пігулкі па дробязях. Так што не турбуйцеся там асабліва – я выжыў”, працытаваў Шчур ліст Сянцова.

Па словах праваабаронцы „нарэшце, можна крыху выдыхнуць”. Ліст датаваны 29 кастрычніка 2018 года.

Рэжысёр Алег Сянцоў быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабаваў вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў.

Галадоўку Сянцоў спыніў у крытычным стане 6 кастрычніка пад пагрозай катавальнага гвалтоўнага кармлення. 

Беларускае Радыё Рацыя