Аляксандр Кабанаў: 150 новых рабочых месцаў не каштуе здароўя 300 тыс. берасцейцаў



Актывіст супраціву акумулятарнаму заводу пад Берасцем, блогер Аляксандр Кабанаў лічыць словы прэм’ер-міністра беларускага ўрада Сяргея Румаса аб бяспецы шкоднай вытворчасці “АйПаўэр” безадказнымі і меркаванні некампетэнтнымі.

Сяргей Румас, выступаючы перад дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў, на пытанне Алены Анісім аб канфліктнай сітуацыі ў Берасці вакол акумулятарнага завода, сказаў, што апасенні наконт будаўніцтва завода “АйПаўэр” ля Берасця моцна перабольшаныя. Трэба зважаць на тое, адзначыў высокі чыноўнік, што былі праведзены ўсе экалагічныя экспертызы, усё ўзгоднена з вышэйстаячымі службамі, прадпрыемства высокатэхналагічнае, з’явяцца новыя працоўныя высокааплачваемыя месцы. У той час, калі ўладам прадстаўлены дакументы аб небяспецы, якую нясе завод, кажа Аляксандр Кабанаў:

– Калі б любы чыноўнік даведаўся, што ён нешта скажа, а гэта будзе не так, то ён можа згубіць сваё месца, як мінімум, а то і сесць на нары. Тады яны б задумваліся пра тое, што кажуць. Мы агучылі факты, напрыклад, пра забруджванне навакольнага асяроддзя ад усіх дзеючых прадпрыестваў, а таксама тых, якія былі закрытыя па гэтай прычыне, менавата з-за забружвання навакольнага асяроддзя.

Паводле Аляксандра Кабанава, рабочыя месцы – гэта добра. Але 150 новых рабочых месцаў не каштуе здароўя трохсот тысяч берасцейцаў. Ды і з заробкамі вялікімі таксама моцна сумніўна. Як паказвае практыка на ўжо існуючых аналагічных заводах у Пінску і Белаазёрску.

Беларускае Радыё Рацыя