Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка аштрафаваныя на 45 і 30 базавых велічынь



Актывісты анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка аштрафаваныя на 45 і 30 базавых велічынь за фота ў „Фэйсбуку”, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

31 кастрычніка Касінераў паведаміў у сацыяльных сетках аб тым, што ў дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сетцы „Фэйсбук” па арт. 17.11 КоАП (распаўсюджdанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць).

Актывіст даведаўся пра гэта пасля званка з Маскоўскага РУУС. „Мне падалося, што гэта можа быць нейкі жарт, і я запытаў, каб мне даслалі афіцыйную позву”, — напісаў ён на сваёй старонцы 31 кастрычнік.

Такую ж позву атрымала і яго жонка, Марына Насенка. „Напярэдадні святаў, пасля вызвалення Змітра Паліенкі і актывізацыі анархісцкага руху, што можа быць лепей за новыя рэпрэсіі з боку дыктатуры?” — пракаментаваў актывіст дзеянні міліцыі.

Паводле звестак праваабаронцаў, у 11 гадзін 1 лістапада Касінераў і Насенка зайшлі ў Маскоўскае РУУС, куды іх выклікалі па позве, і выйшлі на сувязь толькі а палове на сёмую вечара. Высветлілася, што з РУУС іх прывезлі ў суд Маскоўскага раёна, дзе Касінерава аштрафавалі на 45, а Насенку на 30 базавых велічынь (на 1.102,5 і 735 рублёў адпаведна).

Як паведаміў Касінераў, прычынай адміністрацыйнага пераследу сталі фатаграфіі актывістаў у шапцы з надпісам classwar. Пратаколы за „распаўсюджванне экстрэмізму” былі складзеныя на аснове рапарта ГУБАЗіК.

belapan.by