Прыгавораны да абмежавання волі журналіст Дзмітрый Галко з`ехаў ва Украіну



Прыгавораны судом да чатырох гадоў абмежавання волі журналіст Дзмітрый Галко з`ехаў ва Украіну, паведамляюць беларускія СМІ са спасылкай на яго бацьку.

Сам Галко апублікаваў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” пост, у якім перадаў прывітанне „з волі”: „Грамадзянін начальнік! Тут такая справа, я падумаў, што быць шчырым пакутнікам і своечасова з`явіцца для адбыцця пакарання па фальсіфікаваным абвінавачванні — гэта, вядома, крута. Ёсць у гэтым нейкія пафас і капрыз. Але мне чамусьці здаецца, што вось гэтаму малому я пакуль больш патрэбны, чым вам. Прывітанне ўсім людзям добрай волі з волі. Чорныя прамяні кармы ўсім, хто робіць мяне выгнаннікам і раздзяляе з часткай родных людзей”.

Дзмітрый Галко працаваў журналістам у беларускіх і ўкраінскіх выданнях. Крытыкаваў беларускую ўладу, асвятляў канфлікт ва Украіне. Лаўрэат розных прафесійных прэмій.

17 ліпеня суд Савецкага раёна Менска прызнаў Галко вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК) і прыгаварыў да чатырох гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Галко 850 рублёў кампенсацыі маральнага і матэрыяльнага ўрону на карысць участковага інспектара міліцыі Юрыя Чыркова, які праходзіў па справе ў якасці пацярпелага.

9 кастрычніка Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле прыгавор у дачыненні да Галко.

„Далей буду дзейнічаць па стандартнай працэдуры: спачатку падаваць наглядную скаргу старшыні Менгарсуда, далей — у Вярхоўны суд”, — гаварыў БелаПАН Галко. У той жа час ён выказаў сумнеў, што прысуд яму можа быць зменены.

Планаў з`язджаць куды-небудзь з Беларусі ў журналіста на той момант не было. „Я ж з`язджаў, але вярнуўся. Мяняць месца жыхарства пакуль не планую”, — сказаў ён.

Інцыдэнт з Дзмітрыем Галко адбыўся 25 лістапада 2017 года, калі яго сын святкаваў з сябрамі дзень нараджэння ў менскай кватэры. На шум прыбылі супрацоўнікі міліцыі, Галко не пускаў іх у кватэру. Завязалася бойка. Паводле версіі абвінавачання, Галко нанёс не менш за два ўдары ў галаву ўчастковаму міліцыянеру капітану Юрыю Чыркову, разбіў яму тэлефон, а таксама парваў куртку ўчастковаму міліцыянеру лейтэнанту Вадзіму Казаноўскаму.

Двое маладых людзей, якія прыйшлі на дзень нараджэння, атрымалі траўмы, уцякаючы ад праваахоўнікаў праз балкон. Журналіста, яго сына і яшчэ некалькіх падлеткаў даставілі ў аддзяленне міліцыі. Высветлілася, што некаторыя маладыя людзі былі ў нецвярозым стане. На наступны дзень падлеткаў адпусцілі, а Галко-старэйшага даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. 27 лістапада яго асудзілі за дробнае хуліганства і аштрафавалі.

У снежні ў дачыненні да Галко была распачатая крымінальная справа. Неўзабаве разам з сынам ён з`ехаў ва Украіну, але потым вярнуўся і быў затрыманы на мяжы.

Галко сваёй віны не прызнаў. Паводле яго слоў, міліцыянеры праніклі ў кватэру і знаходзіліся ў ёй незаконна, а іх паказанні па справе супярэчлівыя.

38-гадовы журналіст знаходзіўся пад вартай з 21 красавіка па 17 ліпеня. Міжнародныя арганізацыі „Камітэт абароны журналістаў” і „Рэпарцёры без межаў” патрабавалі вызвалення Галко, лічачы яго ахвярай пераследу па прычыне помсты.

belapan.by