Каталіцкія вернікі Глыбокага адзначылі Задушны дзень
2 лістапада людзі наведалі могілкі, ушанавалі памяць памерлых і маліліся за іх душы.
Глыбоцкія вернікі разам з ксяндзамі на чале з пробашчам парафіі Святой Тройцы Мікалаем Ціхановічам памаліліся ў капліцы на дзеючых могілках у Харашках і прайшліся ў працэсіі.
– Муж тут пахаваны, свякроў і свёкр. Муж толькі паўтара года. Памолімся – і ім там будзе лягчэй.
– Я праваслаўная, а муж у мяне католік. І таму я прыйшла. Тут у нас другія могілкі ёсць. Спачатку ходзім на тыя, а затым на гэтыя.
– Бальшавіцкі дзень 7-га – гэта не свята. А ў гэты дзень, 2 лістапада, трэба згадваць памерлых і верыць усім людзям, незалежна якой яны канфесіі.
Паводле ксяндза Мікалая Ціхановіча, ён прыхільнік таго, каб 2 лістапада зрабіць выходным днём.
– Не ведаю, у чым праблема. Ці ў тым, што католікаў 17 працэнтаў у Беларусі. Ці там, у парламенце, людзі, якія адказваюць за дабрабыт грамадскага жыцця Беларусі, увогуле не разумеюць, што тут ёсць хрысціяне. Для мяне вельмі балюча, калі мы святкуем 100-годдзе ВЛКСМ, а 2-га лістапада каталік, веруючы хрысціянін, не мае права адпачыць і прыйсці са знічам на магілы сваіх продкаў і памаліцца. Гэта нешта не прапарцыйнае.
Могілкі ў Харашках дзейнічаюць з 1996 года. На іх ужо пахавана 2752 чалавекі. Штогод там хаваюць ад 120 да 160 чалавек. Сярэдні ўзрост памерлых – 45-55 год.
Таццяна Смоткіна