Усяленскі патрыярхат гатовы прыняць меры да РПЦ
У дачыненні Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) могуць быць прыменены пэўныя меры, калі яна працягне супрацівіцца аўтакефаліі царквы ва Украіне. Пра гэта расказаў прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярхату архіепіскап Тэлміскі Іоў (Геча), паведамляе «Русская служба Би-би-си».
Паводле яго слоў, у томасах пра аўтакефалію ўсіх новых цэркваў сказана, што яны павінны прызнаваць першынства Канстанцінопаля. “Тут на сусветным роўні суддзём ці арбітрам ёсць Канстанцінопаль і ніхто іншы, паводле канонаў, згодна праваслаўнай эклезіалогіі”, – канкрэтызаваў ён.
Уладыка Іоў напомніў, што патрыяршы статус быў дадзены РПЦ у 16-ым стагоддзі Усяленскім патрыярхам Ераміем ІІ. “У гэтым дакуменце выразна сказана, што маскоўскаму архіерэю даецца права называць сябе патрыярхам пры тым, што ён павінен прызнаваць Канстанцінопальскага патрыярха як свайго кіраўніка”, – адзначыў ён. Архіепіскап лічыць, што калі ў РПЦ маюцца сумневы з гэтай нагоды, то ёй варта адрачыся ад сваёй аўтакефаліі.
“Мы спадзяемся, што Праваслаўная царква Расеі дойдзе да розуму і вернецца ў адзінства з Усяленскім пасадам, бо Усяленскі пасад не жадае абрываць з ёй адносінаў. Але калі такая сітуацыя будзе працягвацца доўгі час, канешне, Усяленскі пасад будзе змушаны прымаць пэўныя меры, каб забяспечыць адзінства царквы”, – удакладніў прадстаўнік Канстанцінопалю.
У канцы кастрычніка Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў, што дзеянні Канстанцінопальскага патрыярхату па прадастаўленні Украіне аўтакефаліі звязаныя з заказам на разбурэнне “вострава свабоды”, якім з’яўляецца РПЦ.
11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату пастанавіў вярнуць Украіну пад сваю юрысдыкцыю, адмяніўшы свой жа ўказ ад 1686 года пра перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскве, і зняў анафему з лідараў дзвюх украінскіх цэркваў.
У звязку з гэтым РПЦ 15 кастрычніка разарвала еўхарыстычныя зносіны з Усяленскім патрыярхам, а 20 кастрычніка абвесціла Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея раскольнікам па царкоўных канонах.
Беларускае Радыё Рацыя