Раскол у незалежных прафсаюзах?



Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) ўжо праз месяц можа выйсці са складу Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БДКП). Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч тлумачыць, чаму іх арганізацыя вырашыла пайсці на такі крок, і ці не будзе гэта расколам у незалежным прафсаюзным руху.

fiadynich

Генадзь Фядыніч: Рашэнне аб выхаду з БДКП яшчэ не канчатковае, але хутчэй за ўсё гэта адбуцца, чым не. Напрыканцы студзеня – пачатку лютага наступнага году будзем разглядаць гэтае рашэнне на пасяджэнні нашага кіруючага органа.

РР: Што канкрэтна вас не задавальняе ў рабоце Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў?

Генадзь Фядыніч: У БДКП мы ўжо 6 гадоў і да гэтага часу там не пачутыя. Многія нашы прапановы, якія аргументавалі і на мінулым з’ездзе Кангрэсу і падчас пасяджэння Савета, засталіся без увагі. Іх не падтрымаў Кангрэс. Мы казалі, што, зыходзячы з нормаў дэмакратыі, у Савеце БДКП павінны быць прадстаўлены і маленькія арганізацыі, але, відаць, нікому такое не патрэбна. Акрамя таго, прапаноўвалі стварыць каардынацыйны савет, які не трэба рэгістраваць. Таксама праігнаравалі прапанову. І ігнаруюцца не толькі нашы прапановы – ігнаруецца сама работа, бо ў справаздачным выступе на нядаўнім з’ездзе аб гэтым наогул нічога не прагучала. Але галоўнае – нас не задавальняе тое, што няма ўнутранай салідарнасці. Вось чаму трэба вучыцца і дзеля чаго праводзіць семінары. Каб людзі адчувалі, што ёсць прафсаюзы, якія ў цяжкі час заўсёды прыйдуць на дапамогу, нягледзячы ні на што.

РР: Ці можна сказаць, што ў незалежным прафсаюзным руху Беларусі наспявае раскол?

Генадзь Фядыніч: Мы нікога не збіраемся расколваць. Проста хочам заявіць, якія прафсаюзы на самай справе неабходны рабочым. Якой дапамогі чакаюць людзі ў рэгіёнах. Каб па ўсёй краіне былі цэнтры, куды кожны мог бы звярнуцца і ведаў, што атрымае там дапамогу. Вось у чым справа! Я не лічу, што гэта раскол. Гэта нязгода з той палітыкай, якую праводзіць Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Мне падаецца, што яны бачаць толькі свае інтарэсы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя