Сяргей Чэрачэнь – новы кіраўнік БСДГ (абноўлена)



БСДГ больш не «партыя Шушкевіча». Новага кіраўніка палітычнай структуры 3 лістапада выбіралі ў Менску. Шматгадовы кіраўнік палітычнай структуры Станіслаў Шушкевіч вырашыў пакінуць пасаду з-за стану здароўя і даволі сталага веку. Каментуе кіраўнік Гарадзенскай абласной суполкі партыі БСДГ Віктар Сазонаў:

Безумоўна, гэтая партыя хоць і мела афіцыйную назву Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, але ў палітычных колах, а асабліва ў колах звычайных людзей яна насіла назву «партыя Шушкевіча». Зразумела, гэта было з-за таго, што постаць гэтага чалавека вельмі вялікая, па сутнасці, постаць першага кіраўніка адноўленай незалежнай Беларусі.

Як адзначае Віктар Сазонаў, Станіслаў Шушкевіч сам прапанаў удзельнікам з’езду партыі свайго маладога пераемніка.

Але прыйшоў той час, калі Станіслаў Шушкевіч чарговы раз паказаў сваю моц, паказаў сваю веліч, калі не стаў са сваімі гадамі трымацца за гэтую пасаду, убачыўшы, што, можа быць, яго ўзрост не дазваляе больш актыўна працаваць, і ён вельмі спакойна прапанаваў пераемніка Сяргея Чэрачня, пабачыўшы маладога, энергічнага чалавека і растлумачыўшы сваім паплечнікам па партыі, што ёсць такі чалавек, які будзе працягваць ідэалы, якімі гэтая партыя жыла.

Новы кіраўнік партыі Сяргей Чэрачэнь з’яўляецца дырэктарам акцыянернага таварыства «Мантаж Тэхніка». Нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Яшчэ ў студэнцтве вёў шэраг праектаў, займаўся бізнесам. У 2016 годзе спрабаваў балатавацца ў Палату прадстаўнікоў па 108-й Каліноўскай акрузе сталіцы. Аднак раённая выбарчая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што 32% подпісаў за яго вылучэнне апынуліся несапраўднымі. Улетку 2016 года, калі ён вылучаўся ў дэпутаты, быў чальцом Камуністычнай партыі Беларусі. З КПБ выйшаў па ўласным жаданні ў канцы 2017 года, уступіў у БСДГ і неўзабаве быў абраны намеснікам старшыні. Размаўляе па-расейску, але ў адным з інтэрв’ю паабяцаў «падцягнуць» беларускую мову.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Станіслаў Шушкевіч пакідае пасаду старшыні партыі. Сёння падчас другой сесіі з’езда Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады новым старшынём абраны 33-гадовы Сяргей Чэрачэнь.

Агулам вылучаліся два чалавекі, яшче Валерый Арцішэўскі. На першай сесіі з’езду, якая адбылася 9 верасня, выбары кіраўніцтва былі перанесены ў сувязі з адсутнасцю 83-гадовага Шушкевіча з прычыны хваробы.

Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада была зарэгістравана ў 1996 годзе. З 1998 года яе ўзначальваў Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання ў 1991—1994 гадах.

* * * 

У Менску 3 лістапада пройдзе другая сесія справаздачна-выбарчага з’езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. На ёй будзе абмяркоўвацца толькі адно пытанне — перавыбары старшыні і намеснікаў старшыні партыі, піша „Беларускі партызан”.

Першая сесія з’езда адбылася 9 верасня ў Менску. На ёй дэлегаты з’езда абралі новы склад Рады БСДГ, у якой засталіся большасць ранейшых чальцоў Рады.

А выбары старшыні і яго намеснікаў вырашылі перанесці, бо кіраўнік партыі Станіслаў Шушкевіч ляжаў у шпіталі. 

На месца лідара прэтэндаваў былы сябра Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Чэрачэнь. Але да яго на з’ездзе з’явіліся пытанні, і тады партыйцы вырашылі правесці другую сесію пазней.

Фота svaboda.org