То застаемся аптымістамі?



Сезон прастудаў распачаўся з першым пахаладаннем, а вось грыпус – рэч непрадказальная. Праўда, яшчэ ёсць шанец зрабіць прышчэпку: вакцынацыя ў Беларусі працягваецца.

Што тычыцца прышчэпак ад грыпусу, то тут беларусы могуць выбіраць і маюць варыянты. Расейская або імпартная? Бясплатна або за свае грошыкі? Справа ваша. Выбар за вамі!

Што тычыцца прастудных захворванняў шырокага спектра, то тут іншая сітуацыя. Папулярныя раней распушчальныя лекі ад сімптомаў прастуды (“Колдрэкс” і “Ферфекс”) амаль прапалі з продажу. Штосьці дзесьці – пераважна ў рэгіёнах! – яшчэ можна знайсці і набыць, але гэта пытанне часу. Медыкі скажуць – здымаць сімптомы прастуды не ёсць добры варыянт змагацца з ёй і перамагчы. І яны будуць мець рацыю!

Безумоўна, лепшыя лекі ад прастуды – гэта журавінавы морс, добрая кніга, цёплы плед і час, але не заўжды ёсць магчымасць узяць бальнічны і выляжаць сваю прастуду. На жаль. Тут ужо традыцыйна ратавалі лекі з водарам цытрыны – што рабіць цяпер? Абыходзіцца без шкоднай “хіміі”? Зусім не. Вам прыйдзецца перайсці на “хімію” айчыннай вытворчасці.

Не будзем пералічваць лекі, што знікаюць і што застаюцца ў продажы. Навошта рабіць рэкламу ці антырэкламу пэўнаму прадукту? Усё адносна ў гэтым свеце. І ўсё ж цудоўна мець разумны выбар, калі ты з’яўляешся дарослым, разумным і самадастатковым чалавекам.

Прышчапіцца ад грыпусу можна аж да 1 снежня. Запланавана прышчапіць 40% насельніцтва Беларусі. Прагназуецца сярэдні ўзровень эпідэміялагічнай актыўнасці вірусаў і прастудаў! Спадзяемся на лепшае і ўмацоўваем імунітэт! Аптымізм дадае здароўя і ашчаджае грошы. То застаемся аптымістамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ