Лясгасы Берасцейшчыны рыхтуюцца да святаў



На Берасцейшчыне лясгасы плануюць рэалізаваць звыш 25 тысяч навагодніх елак. Свае рынкі лясгасы адкрыюць 20 снежня ў Берасці, Пінску, Камянцы ды Кобрыне. Кошт елак складзе ад 55 тысяч да 75 тысяч беларускіх рублёў у залежнасці ад вышыні дрэва.

Навагоднія елкі гадуюць у адведзеных месцах і нарыхтоўку будуць весці пры адмысловай тэмпературы паветра, адзначыў супрацоўнік пінскага лясгаса Віктар Лукашэвіч:

– Пры тэмпературы паветра ніжэй за 10 градусаў мы не робім нарыхтовак, бо гэта вядзе да таго, што абсыпаюцца іголкі. У гадавальніку добрае асвятленне, таму светлавая ігліца. Тыя, што растуць у лесе, маюць ценявую ігліцу. Ёсць адрозненні. Таму мае значэнне месца, дзе вырасла дрэва.

Супрацоўнікі лясгасаў нагадваюць, што за незаконную высечку елак грамадзяніна чакае штраф ад 700 тысяч да 2 мільёнаў беларускіх рублёў, а калі незаконную высечку зрабіў прадпрымальнік альбо юрыдычная асоба, то штраф павялічваецца ў некалькі разоў. Лясгасы ўжо ўзмоцнілі кантроль за сітуацыяй у гаспадарцы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск