Пракапеня: У 2018 годзе беларускі ІТ-сектар вырасце на 40%



У 2018 годзе эканамічны рост у Беларусі на чвэрць будзе забяспечаны за кошт ІТ-сектара. Такую думку выказаў заснавальнік кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, выступаючы на панэльнай дыскусіі 5 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску.

„У 2018 годзе ІТ-сектар вырасце на 40%, або на 500 млн долараў. Уся беларуская эканоміка вырасце сёлета на 2 млрд долараў. Такім чынам, чвэрць эканамічнага росту будзе забяспечана за кошт ІТ”, — адзначыў Пракапеня.

Ён канстатаваў, што пакуль толькі невялікая частка беларускага грамадства занята ў ІТ-сектары.

„Існуе патэнцыял развіцця ІТ-сектара. У Беларусі ў ІТ-сектары занята каля 2,5% насельніцтва. У Еўропе ў сярэднім у ІТ-сектар ужо ўцягнута каля 6% насельніцтва, а ў некаторых краінах гэты паказчык дасягае 11%”, — падкрэсліў Пракапеня.

„З боку дзяржавы існуе поўнае разуменне і поўная падтрымка таго, што гэты кірунак трэба развіваць”, — сказаў ён.

За студзень—жнівень 2018 года экспарт камп’ютарных паслуг склаў 959,2 млн долараў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 36,4%.

Доля камп’ютарных паслуг у агульным экспарце паслуг вырасла да 16,9% супраць 14,4% у студзені—жніўні 2017 года.

Імпарт камп’ютарных паслуг склаў 81,3 млн долараў. У параўнанні са студзенем—жніўнем мінулага года ён павялічыўся на 21,3%.

Станоўчае сальда знешняга гандлю камп’ютарнымі паслугамі за восем месяцаў 2018 года склала 877,9 млн долараў.

У 2017 годзе экспарт камп’ютарных паслуг склаў 1,2 млрд долараў (+25,5% да 2016-га).

belapan.by